
Сваё сёмае парушэнне палітвязень Мікалай Дзядок атрымаў падчас знаходжання ў штрафным ізалятары. Ён быў пакараны за тое, што нібыта дрэнна прыбіраў камеру.
За гэта Мікалая пазбавілі наступнай перадачы, якая была запланавана на травень. Цяпер бліжэйшую перадачу ён атрымае толькі ў верасні. Пра гэта Радыё Рацыя паведаміў бацька зняволенага анархіста Аляксандр Дзядок.
– Вярхоўны суд адмовіў яму і іншым удзельнікам гэтай справы ў задавальненні наглядных скаргаў. Яму адмоўлена таксама ў магчымым вызваленні па амністыі. На мой погляд, гэта звязана, у першую чаргу, з тым, што сталі больш жорстка яго кантраляваць. Адбылося гэта пасля наведвання яго “спадарамі” з упраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю.
У траўні мінулага года Мікалай Дзядок быў асуджаны да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Праваабаронцы прызналі Дзядка і ягоных паплечнікаў Ігара Аліневіча і Аляксандра Францкевіча палітычнымі зняволенымі і патрабуюць іх неадкладнага вызвалення.
racyja.com