Зміцер Паліенка і Наста Гусева збіраюцца пажаніцца ўжо ў лістападзе

Наста Гусева – нявеста былога палітвязня Зміцера Паліенкі распавяла сайту palitviazni.info пра тое, што ўжо ў бліжэйшы час яны збіраюцца “згуляць антывяселле”.

“Афіцыйна пабрацца шлюбам мы пакуль не можам, бо Змітру не аддаюць пашпарт”, – патлумачыла Наста.

“1 лістапада Зміцер разам з адвакатам збіраюцца падаваць апеляцыю на прысуд, – кажа Наста Гусева. – Пакуль будзе абскарджванне, пашпарт не вернуць, таму падаць заяву ў ЗАГС мы не зможам. Але, паколькі мы вырашылі як мага хутчэй пажаніцца, то зробім спачатку вяселле, а затым ужо зарэгіструемся афіцыйна”.

Са слоў суразмоўцы, святочнае мерапрыемства яны збіраюцца правесці ў вёсцы, і яно будзе крыху незвычайнае.

“Правядзем вяселле ў анархісцкім стылі, назавём яго “антывяселлем”, – дадае Наста. – Конкурсаў і белых сукенак дакладна не будзе. А запросім толькі самых блізкіх некалькі чалавек, таму ўсё плануем даволі сціпла”.

***

Нагадаем, што спачатку Зміцера Паліенку абвінавачвалі па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 339 — распыленне пярцовага газу ў твар мужчыне на лесвічнай пляцоўцы; арт. 341 — нанясенне графіці ў Курапатах і на будынак на вуліцы Ахоцкай; ч. 1 арт. 130 — распальванне варожасці да супрацоўнікаў міліцыі ў размешчаным у інтэрнэце відэароліку; арт. 369 –абраза міністра (былога) МУС Ігара Шуневіча ў відэароліку.

Але нечакана ў дзень пачатку працэса стала вядома, што суд будзе разглядаць абвінавачванне Паліенкі толькі за распыленне пярцовага газу, а абвінавачванні па іншых артыкулах знятыя, бо ад іх адмовілася пракуратура.

Пракурор папрасіў суд прызнаць Змітра вінаватым і прызначыць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на шэсць гадоў, а на падставе закона «Аб амністыі» скараціць тэрмін на адзін год.

У выніку Паліенку прызналі вінаватым у асабліва злосным хуліганстве, яму вынеслі прысуд – 3 гады хатняй хіміі (абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову). Мінус год Змітру “скінулі” па амністыі.

palitviazni.info

Фота: Уладзь Грыдзін/svaboda.org

Іншыя палітычныя вязьні

  • Кацярына Садоўская
  • Арцём Пракапенка
  • Аляксей Бондар
  • Фёдар Мірзаянаў
  • Алесь Міхалевіч