Валянцін Стэфановіч: Улады самі максімальна палітызывалі “справу Паліенкі”

25 верасня ў 10.00 у Мінскім гарадскім судзе пачынаецца разгляд справы былога палітвязня Зміцера Паліенкі. Працэс пройдзе ў закрытым рэжыме.

“Дзейнасць МУС жорстка раскрытыкаваў нават кіраўнік дзяржавы, а Паліенка таксама, як умеў, крытыкаваў праваахоўнікаў”, – распавёў сайту palitviazni.info праваабаронца Валяцін Стэфановіч.

Нагадаем, Зміцер Паліенка быў затрыманы 20 сакавіка па падазрэнні ў здзяйсненні асабліва злоснага хуліганства (арт. 339 КК). Яго абвінавачваюць у тым, што ён распыліў газавы балончык у твар мужчыну, які зрабіў яму заўвагу за курэнне на лесвічнай пляцоўцы.

5 красавіка Паліенку было прад’яўлена абвінавачванне па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 339, арт. 341 і ч. 1 арт. 130. Абвінавачванне па арт. 341 КК Паліенку прад’яўлена за нанясенне графіці на будынак на вуліцы Ахоцкай.

2 ліпеня Следчы камітэт паведаміў, што расследаванне крымінальнай справы Дзмітрыя Паліенкі завершана і яна перададзеная ў пракуратуру для накіравання ў суд. Але пракуратура г. Мінска вярнула ў Заводскі раённы аддзел Следчага камітэта справу Зміцера Паліенкі для правядзення дадатковага папярэдняга расследавання ў адпаведнасці з артыкулам 264 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса.

Вынікам гэтага сталі два новыя крымінальныя артыкулы: 341 за графіці ў Курапатах і 369 за абразу міністра (былога) МУС Ігара Шуневіча.

– Праваабаронцы, безумоўна, будуць сачыць за ходам судовага разбіральніцтва, хаця працэс і закрыты, – кажа Валянцін Стэфановіч. – І галоўнае, што нас цікавіць – гэта прад’яўленае абвінавачванне па ч. 3 арт. 339 КК (злоснае хуліганства), бо там ёсць дзве версіі падзеяў.

– Ці можна сказаць, што гэтая справа ў пэўным сэнсе палітычна матываваная?

– Напэўна, можна, бо ўлады самі яе максімальна палітызывалі. Гэта не проста бойка ў пад’ездзе, бо на гэтае абвінавачванне нагрувасцілі яшчэ і распальванне варожасці да іншай сацыяльнай групы (супрацоўнікаў міліцыі), з чым мы катэгарычна нязгодныя.

Наогул, лічым, што такім чынам ствараецца даволі небяспечны прэцыдэнт, калі прадстаўнікоў улады (у прыватнасці, праваахоўнікаў) вылучаюць у асобную сацыяльную групу. І любая крытыка ў іх адрас (нават жорсткая) будзе кваліфікавацца, як распальванне варожасці да гэтай групы. Хаця сам артыкул “распальванне варожасці”, па нашым глыбокім перакананні, найперш павінен абараняць уразлівыя групы. Каб не распальвалася варожасць па нацыянальнай прыкмеце, рэлігійнай, па нейкіх іншых прыкметах, якія забаронены да дыскрымінацыі. Але ніяк не супраць прадстаўнікоў улады.

Я неяк з гэтай нагоды пажартаваў, што дзейнасць МУС жорстка раскрытыкаваў нават кіраўнік дзяржавы, і міністр унутраных спраў пакінуў пасаду. Атрымліваецца, што Зміцер Паліенка таксама, як умеў, крытыкаваў праваахоўнікаў. За што ў такім выпадку яго судзіць?

– Што можаце сказаць пра артыкул, якія тычыцца абразы цяпер ужо былога міністра ўнутраных спраў?

– Гэта таксама трэба раглядаць у кантэксце той крытыкі міліцыі, якую Паліенка выказваў. Да таго ж, наша стаўленне да такіх артыкулаў вядомая, бо абраза службовай асобы прадугледжвае значна большую ступень абароны службовых асобаў, чым простых грамадзянаў. Калі гаворка ідзе пра абразу звычайнага грамадзяніна, то там наогул прадугледжана адміністрацыйная справа.

– Вы сказалі, што ўлады самі максімальна палітызавалі гэтую справу…

– Мы бачылі, як да Зміцера Паліенкі ставіліся сілавікі з таго часу, як ён выйшаў з калоніі. Ён быў пастаянным аб’ектам ціску з боку праваахоўных аорганаў. Яго пастаянна выклікалі ў міліцыю і намагаліся ўсяляк кантраляваць, хаця нагляд ў дачыненні да яго не быў усталяваны. Былі празмерныя дзеянні з боку МУС. А сёння Паліенку ўжо судзяць…

palitviazni.info

Фота: spring96.org

Іншыя палітычныя вязьні

  • Аляксандар Фядута
  • Аляксандар Шалайка
  • Уладзімер Лыско