Чаму справу былога палітвязня Зміцера Паліенкі накіравалі на дадатковае расследванне?

Пракуратура Мінска вярнула ў Завадскі раённы аддзел Следчага камітэта справу Зміцера Паліенкі для правядзення дадатковага папярэдняга расследавання ў адпаведнасці з артыкулам 264 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса.

“Справа рэзанансная, таму, мяркую, яе дашліфоўваць, – распавёў сайту palitviazni.info Вячаслаў Касінераў – паплечнік Змітра Паліенкі. – Следчыя робяць усё, каб інфармацыя пра яе не трапляла ў публічную прастору…”

Нагадаем, што экс-палітвязню Зміцеру Паліенку, які быў затрыманы 20 сакавіка, выстаўлена абвінавачанне на падставе некалькіх артыкулаў Крымінальнага кодэкса: асабліва злоснае хуліганства (ч. 3 арт. 339), распальванне іншай сацыяльнай варожасці (арт. 130), а таксама апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці (арт. 341).

Стала вядома, што расследванне крымінальнай справы актывіста анархічнага руху Змітра Паліенкі завяршылася, справа перададзеная ў пракуратуру для накіравання ў суд.

Зараз актывіст анархісцкага руху знаходзіцца ў СІЗА-1.

Як паведамляе spring96.org, дакладныя прычыны, па якіх пракурор вярнуў справу следчым, пакуль невядомыя. Згодна з пунктам 3 артыкула 264 КПК пракурор па паступіўшай да яго крымінальнай справе можа вынесці рашэнне вярнуць крымінальную справу следчаму са сваімі пісьмовымі ўказаннямі для вытворчасці дадаткова папярэдняга расследавання, а таксама для прад’яўлення новага абвінавачвання ў выпадку неабходнасці яго дапаўнення, змены на больш цяжкае або на істотна адрознае па фактычным абставінам ад першапачатковага абвінавачвання альбо для складання новай пастановы, калі складзенае па справе не адпавядае патрабаванням Кодэкса.

“Можна толькі здагадвацца, чаму справу пракуратара накіравала на даследванне, – кажа Вячаслаў Касінераў. – Па нашай інфармацыі, следства зараз цісне на адваката Змітра Паліенкі і сведак у тым плане, што ім забараняецца даваць нейкую інфармацыю па справе. Людзі падпісваюць дакументы аб неразгалошванні інфармацыі.

Магчыма, пракуратура ўбачыла, што справа недапрацаваная і не хоча, каб на судзе ўсё гэта “ўсплыло”, а таму яе будуць дашліфоўваць”.

Са слоў Вячаслава Касінерава, галоўнае, каб Змітру не дадалі новых абвінавачванняў, што таксама можа быць.

“І відавочна, што тры крымінальныя артыкулы, па якіх абвінавачваецца Паліенка, з яго ўсё роўна не здымуць, – дадае суразмоўца. – Проста ўсе разумеюць, што справа рэзанансная, будзе знаходзіцца пад увагай у тым ліку і міжнародных назіральнікаў, а таму перастрохоўваюцца перад судом.

Ёсць нават апасенні, што слуханні могуць зрабіць закрытымі, хаця, на мой погляд, падстаў для гэтага няма. Гэта надасць справе яшчэ большую палітычную афарбоўку, але ў той жа час прысуд можа быць якім заўгодна”.

palitviazni.info

Фота: spring96.org

Іншыя палітычныя вязьні