“Пальчыс і Паліенка патэнцыйна могуць стаць у бліжэйшы час палітвязнямі…”

indexПраваабаронцы адзначаюць, што спіс палітычных зняволеных у хуткім часе можа павялічыцца. У прыватнасці, пасля заканчэння судоў палітвязнямі могуць прызнаць Дзмітрыя Паліенку і Эдуарда Пальчыса.

“З аднаго боку, мы канстатуем, што праявы жорсткіх формаў пераследу зменшыліся, – кажа кіраўнік Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі. – Крымінальныя справы супраць лідараў апазіцыі ў апошні час не ўзбуджаліся, але ў той жа час рэпрэсіўныя метады ўлад засталіся, і яны перанакіраваліся на іншыя неабароненыя групы грамадскіх актывістаў”.

Дзмітрый Паліенка быў затрыманы на акцыі раварыстаў «Крытычная маса» 29 красавіка ў Мінску, яму выставілі абвінавачанне ў супраціве міліцыянтам. Дзмітрыю пагражае да 6 гадоў зняволення.

29 красавіка ў акцыі бралі ўдзел некалькі дзясяткаў раварыстаў. Каля стэлы на праспекце Пераможцаў акцыя была спыненая супрацоўнікамі ДАІ, некалькі раварыстаў былі затрыманыя, на двух з іх, Дзьмітрыя Паліенку і Станіслава Канавалава, завялі справы аб супраціве міліцыі. Станіслава Канавалава з міліцыі адпусцілі 30 красавіка пад падпіску, Дзмітрыя Паліенку змясцілі ў ізалятар. Са слоўя го бацькі, Дзмітрый не чыніў супраціву, але спрабаваў заступіцца за аднаго з раварыстаў, якога збіваў міліцыянт. Супрацоўнік міліцыі потым заявіў, што ў яго была парваная куртка.

Эдуард Пальчыс – стваральнік сайту 1863х.com. На сайце публікаваліся палітычныя тэксты, нярэдка з крытыкай уладаў Беларусі і Расіі. Стваральнік рэсурсу вёў яго на ўмовах поўнай ананімнасці.

Пра затрыманне ў Расіі грамадзяніна Беларусі Эдуарда Пальчыса, ананімнага стваральніка сайта 1863x.com, вядомага пад нікам Джон Сільвер, стала вядома ў канцы студзеня гэтага года. Пазней высветлілася, што ён  знаходзіцца ў турме Бранска.

Пазней Эдуард Пальчыс быў экстрадзіраваны ў Беларусь. Ён абвінавачваецца паводле ч. 1 арт. 130 (“Распальванне расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варожасці або розні”) і ч. 2 арт. 343 (“Распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў”) Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь.

“Будзем чакаць судоў і таго, якія рашэнні прымуць гэтыя суды, – распавяла сайту palitviazni.info праваабаронца Наста Лойка. – Але я ўжо казала, што адзін з самых галоўных кандыдатаў на палітвязні – Дзмітрый Паліенка, якія быў затрыманы на акцыі веласіпідыстаў “Крытычная маса”. Там на самай справе былі грубыя дзеянні з боку ДАІ, людзі абараняліся… Не думаю, што чалавек уяўляе такую вялікую небяспеку, што чатыры месяцы знаходзіцца пад вартай. А пагражае хлопцу – аж да 6 гадоў зняволення. Калі пасля суда наша інфармацыя пацвердзіцца, то будзем прызнаваць яго палітвязнем».

“З аднаго боку, мы канстатуем, што праявы жорсткіх формаў пераследу зменшыліся, – дадае кіраўнік Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі. – Крымінальныя справы супраць лідараў апазіцыі ў апошні час не ўзбуджаліся, але ў той жа час рэпрэсіўныя метады ўлад засталіся, і яны перанакіраваліся на іншыя неабароненыя групы грамадскіх актывістаў. Сёння мы маем у краіне двух зняволеных, якіх праваабарончая супольнасць прызнала палітвязнямі. І яшчэ два чалавекі – Дзмітрый Паліенка і Эдуард Пальчыс – патэнцыяльна могуць імі стаць у бліжэйшы час, таму хутка ўбачым, якім чынам будуць развівацца ўзаемаадносіны грамадскіх актывістаў і ўлад”.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Сяргей Башарымаў
  • Натальля Радзіна
  • Мікола Маркевіч
  • Аляксандар Квяткевіч
  • Віталь Рымашэўскі