Мікалай Дзядок: Вялікай хвалі рэпрэсій чакаць не варта

12065958_1158569817506560_6205903370013358570_nБылы палітвязень Мікалай Дзядок распавёў сайту palitviazni.info пра сваё бачанне гэтай парламенцкай кампаніі, ролю ў ёй апазіцыі і магчымых рэпрэсіях.

“Я не думаю, што рэпрэсіі надта перавысяць традыцыйны ўзровень, – кажа суразмоўца. – Так, будзе невялікі ўздым у выглядзе штрафаў ці затрыманняў, як заканамернае следства росту актыўнасці палітычных партый і апазіцыйных кандыдатаў, але вялікай хвалі рэпрэсій не варта чакаць. Няма настолькі сур’ёзнага апазіцыйнага руху, каб супраць яго кідаць вялікі рэпрэсіўны рэсурс”.

На ваш погляд, ці гатовая апазіцыя эфектыўна выкарыстаць гэтую кампанію ў сваіх мэтах?

– Наўрад ці. Прычыны тыя ж, што і пяць, і дзесяць гадоў таму: раз’яднанасць апазіцыі (часткай з-за стараннай працы спецслужбаў, часткай з-за асабістых амбіцый лідараў), адсутнасць у яе рэсурсаў для паўнавартнаснай барацьбы, і самі выбарчыя інстытуты Беларусі, якія не дазволяць, так бы мовіць, адхіленняў ад напрацаванай схемы.

Да таго ж, у грамадскае асяроддзе, як і ў папярэднія выбарчыя парламенцкія кампаніі, былі запушчаныя чуткі што, маўляў, зараз “пацяпленне з Захадам” і Лукашэнка з гэтай нагоды дапусціць некалькі памяркоўных апазіцыянераў у парламент. Колькі парламенцкіх кампаній я памятаю, столькі ходзяць такія чуткі, і, вядома, ні разу гэтага не адбылося. Мне здаецца, такія чуткі запускаюць спецслужбы, каб заахвоціць міжпартыйную барацьбу апазіцыянераў і не дапусціць паўнавартаснага байкоту. Байкот – гэта адзінае, чаго яны баяцца.

На мой погляд, Лукашэнка не гатовы дапусціць нават аднаго апазіцыянера ва ўладу, бо яму не патрэбная гэтая непрадказальнасць у парламенце, якая ва ўмовах сацыяльна-эканамічнага крызісу можа прывесці да нестабільнасці. Сістэма “одобрямса” адпрацаваная гадам і працуе, навошта ў яе нешта ўносіць? Дагадзіць Захаду? За столькі год беларуская ўлада выдатна навучылася пускаць ім пыл у вочы. Не будзе ніякіх крокаў на карысць Захаду, якія маглі б патэнцыйна падарваць трываласць улады і маналіт кіроўнай вертыкалі.

– Які, на ваш погляд, быў бы аптымальны варыянт выкарыстання кампаніі?

– Што да мяне, то я прыхільнік байкоту гэтай і ўсіх іншых выбарчых кампаній  рэжыму. Удзельнічаць у парламенцкай кампаніі – значыцца легітымізаваць уладу і ўсе яе фальсіфікацыі прызнаваць гульню па іх правілах. Да таго ж я – прыхільнік прамой дэмакратыі, пры якой людзі самі, без пасярэднікаў, вырашаюць усе важныя пытанні, і увогуле не лічу, што парламент здольны належным чынам рэпрэзентаваць волю народу.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Мікалай Дзядок
  • Віктар Івашкевіч
  • Аляксандар Арастовіч
  • Уладзімер Хамічэнка
  • Віталь Рымашэўскі