Яна Палякова

Яна Палякова нарадзілася ў 1973 годзе ва Ўкраіне. Пазьней сям’я яе бацькоў пераехала ў Салігорск Менскай вобласьці (Беларусь).

Яна Палякова скончыла юрыдычны факультэт БДУ. Працавала юрыстам на cалігорскім прадпрыемстве “Надзея”, затым супрацоўнічала з Беларускім Хельсінкскім камітэтам, а з 2000 году — з правабарончай арганізацый “Прававая дапамога насельніцтву” Алега Волчака.

Храналёгія перасьледу

3 сакавіка 2009 году суд Салігорскага раёну вынес прысуд па крымінальнай справе ў дачыненьні да праваабаронцы Яны Паляковай, якая была прызнаная вінаватай па ч. 2 арт. 400 КК РБ – «загадзя непраўдзівы данос». Яе абвінавацілі ў ілжывым даносе на супрацоўніка міліцыі і асудзілі на 2,5 гады абмежаваньня волі (судзьдзя — Аляксандар Бураўцоў). Да таго ж, Яна павінна была выплаціць 1 мільён рублёў участковаму Пугачову, якога суд прызнаў пацярпелым.

У лістападзе 2008 году правабаронца паведамляла, што за апазыцыйную дзейнасьць яе некалькі разоў затрымлівалі супрацоўнікі міліцыі. Таксама паведамлялася, што ў пастарунку жанчыну зьбівалі і нават аднойчы ледзь не зламалі ёй руку.

Перасьлед Яны Паляковай распачаўся пасьля таго, як яна стала сябрам ініцыятыўнай групы Вольгі Казулінай — дачкі былога кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна — на выбарах у парламент увосень 2008 году.

Яна Палякова лічыла сябе невінаватай. Яна распавядала, што ўчастковы інспэктар нанёс ёй пабоі пасьля яе адмовы падпісваць паперы пра тое, што Яна не зьбірала подпісы за вылучэньне Вольгі Казулінай (то бок, не мае дачыненьня да палітычнай дзейнасьці).

Акрамя таго, ад жніўня 2008 г. Яне Паляковай тэлефанавалі з КДБ з просьбамі зьявіцца туды, але актывістка адмаўлялася.

6 сакавіка 2009 г. у афіцыйнай газэце «Советская Белоруссия» выйшаў фэльетон, які зьмяшчаў абразьлівыя выказваньні ў бок Яны Паляковай. Раніцай наступнага дня (7 сакавіка 2009 г.) маці Яны Паляковай знайшла дачку павешанай у іх дома.

Па сьведчаньнях відавочцаў, пасьля вынясеньня прысуду Яна некалькі разоў казала, што “ня будзе зэчкай”.

Іншыя палітычныя вязьні