Дар’я Лосік: Ніякія следчыя дзеянні з удзелам Ігара не праводзяцца

Дар’я Лосік, жонка палітвязня Ігара Лосіка, распавяла сайту palitviazni.info, як сябе адчувае муж пасля выхаду з галадоўкі.

“Пасля галадоўкі яго ніхто сёр’ёзна не абследваў, таму яшчэ дакладна невядома, як адбілася ўсё гэта на арганізме”, – кажа Дар’я.

Нагадаем, палітвязень Ігар Лосік абвясціў у СІЗА галадоўку 15 снежня ў знак пратэсту супраць новага выстаўленага яму абвінавачання па артыкуле 293 — падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках.

Раней Ігара абвінавачвалі толькі па 342 артыкуле Крымінальнага кодэксу — арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак.

Галадоўка працягвалася больш за 40 дзён, Ігар Лосік спыніў яе, калі яго папрасіла пра гэта грамадскасць.

“Пасля галадоўкі арганізм як быццам прыйшоў у парадак, таму Ігар ужо нармальна харчуецца, – кажа Дар’я. – Хаця яго ж ніхто сёр’ёзна не абследваў, таму яшчэ дакладна невядома, як адбілася галадоўка на арганізме. Адзінае, што праз некалькі дзён пасля спынення галадоўкі да Ігара прыйшоў доктар, памерыў яму ціск, і на гэтым усё”.

Дар’я Лосік кажа, што ніякія следчыя дзеянні з удзелам Ігара не праводзяцца, справа як быццам стаіць на месцы.

“Газеты мужу прыходзяць, – паведаміла таксама жонка палітвязня. – А вось мае лісты дрэнна ідуць, каля месяца наогул не даходзілі. Ад Ігара карэспандэнцыя ідзе нармальна. Ужо добра”.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Міхась Крываў
  • Андрэй Пратасеня
  • Уладзімер Кобец
  • Павал Севярынец