Анатоль Лябедзька: На судзе быў лепшы выпуск “Народнага рэпарцёра”!

Палітык Анатоль Лябедзька пракаментаваў сайту palitviazni.info першы дзень судовага працэса, які пачаўся над палітвязнямі Андрэем Кабанавым і Сяргеем Пятрухіным.

“Яны пераўтварылі суд у пляцоўку для тролінга, паказалі, што такое сёння судовы працэс, – адзначыў палітык.

11 лютага пачаўся суд над брэсцкімі блогерамі Сяргеем Пятрухіным і Аляксандрам Кабанавым, якія праваабарончай супольнасцю прызнаны палітвязнямі.

Аляксандр Кабанаў і Сяргей Пятрухін – блогеры, аўтары YouTube-канала «Народны рэпарцёр». Да затрымання ў сярэдзіне чэрвеня мінулага года асвятлялі тэму барацьбы з акумулятарным заводам, а таксама займаліся расследаваннямі на вострыя сацыяльныя тэмы.

Паведамлялася, што ім прад’яўлена абвінавачванне па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 342 КК РБ (Арганізацыя групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак і звязаны з яўным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады), арт. 369 КК РБ (Публічная абраза прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў) і арт. 391 КК РБ (Абраза суддзі або народнага засядацеля ў сувязі з ажыццяўленнем iмi правасуддзя).

У першы дзень працэса суддзя не дазволіў прысутнічаць на працэсе тым, хто прыехаў падтрымаць палітвязняў, а самі Пятрухін і Кабанаў папрасілі выдаліць іх з залы судовага пасяджэння.

Палітыка Анатоля Лябедзьку таксама не пусцілі на суд, але ўражанні ў яго засталіся станоўчыя.

“Я здымаю свой капялюш перад Аляксандрам Кабанавым і Сяржуком Пятрухіным, – кажа Анатоль Лябедзька. – Думаю, мы можам вітаць іх авацыямі, бо гэты быў адзін з самых лепшых выпускаў “Народнага рэпарцёра”. Я пабываў шмат на якіх судах і ў Мінску, і ў іншых гарадах, але такога не бачыў.

Самі падсудныя і адвакат выбіраюць стратэгію паводзін, і тут яна была абсалютна нязвыклая, бо так ці інакш, але ў людзей ёсць і пэўная самацэнзура, і спадзяванне на нейкую справядлівасць і аб’ектыўнасць.

А Пятрухін і Кабанаў адразу ўзялі ніцыятыву ў свае рукі і нават не захацелі падбудоўвацца пад суддзю і пракурора. Яны пераўтварылі суд у пляцоўку для тролінга. Паказалі, што такое сёння судовы працэс. Аляксандр і Сяргей чыталі лекцыі суддзі і пракурору, студэнтам, якіх загналі ў залу, каб іншыя не патрапілі. Я лічу, што гэта, на мой погляд, адзін з узораў, як патрэбна паводзіць сябе на судовых працэсах, калі суда няма, і калі ўсё перадвызначана”.

Анатоль Лябедзька дадае, што, як ні дзіўна, у яго засталіся пазітыўныя эмоцыі ад гэтага суда.

“Хаця было балюча, што нават дазволілі ўжывую ўбачыць сяброў, – адзначае палітык. – Подласць рэжыма – у дробязях. Яны хочуць зрабіць балюча іншым – сябрам палітвязняў, блізкім. Калі вы ўжо змагаецеся з апанентамі, то не апускайцеся да гэтага. Але наадварот – ствараюць дадатковы псіхалагічны дыскамфорт. Але хлопцы – малайцы, цудоўна трымаюцца!”.

Што датычыццца прагнозаў па справе, то Анатоль Лябедзька глядзіць на сітуацыю рэалістычна.

“Там усё спрагназавана, – кажа ён. – Вызначана планка, таму дадуць па максімуме. Што пракурор папросіць, тое суддзя і выпіша.

Як мне падаецца, Аляксандру Кабанаву могуць даць тры гады рэальнага зняволення, а Сяргею Пятрухіну, магчыма, дадуць яшчэ і больш. Трэба рыхтавацца да горшага. А ўсё астатняе залежыць ад беларусаў, ад грамадства. Калі будзе салідарнасць, то, думаю, і Пятрухін, і Кабанаў выйдуць на волю значна раней”.

palitviazni.info

Фота: nn.by

Іншыя палітычныя вязьні

  • Уладзімер Плешчанка
  • Сяргей Башарымаў
  • Артур Фінькевіч
  • Аляксандар Шалайка
  • Алесь Стральцоў