Гары Паганяйла: У дзеяннях журналістак наогул няма складу крымінальнага злачынства

Юрыст Гары Паганяйла пракаментаваў сайту palitviazni.info прысуд журналісткам тэлеканала “Белсат” Дар’і Чульцовай і Кацярыне Андрэевай, які быў вынесены 18 лютага.

“Справа і прысуд літаральна высмактаны з пальца, усё гэта шытае белымі ніткамі”, – адзначае юрыст.

Дар’я Чульцова і Кацярына Андрэева пакараныя двума гадамі пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Кацярына і Дар’я 15 лістапада 2020 года вялі стрым з «Плошчы пераменаў». Іх прызналі вінаватымі па ч. 1 арт. 342 КК РБ (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак).

“У дзеяннях журналістак наогул няма складу крымінальнага злачынства, – кажа Гары Паганяйла. – І тое, што сёння твораць суды, гэта суцэльнае беззаконне. Суддзі маглі даць прававую ацэнку па доказах, якія былі сабраны па гэтай крымінальнай справе, праглядзець відэаматэрыялы і ўпэўніцца, што няма ніякіх доказаў віны журналістак, якія як быццам арганізоўвалі масавыя пратэсты.

Справа і прысуд літаральна высмактаны з пальца, усё гэта шытае белымі ніткамі. Гэта настолькі відавочна, як тое, што белае – гэта белае, а чорнае – гэта чорнае”.

Юрыст адзначае, што сёння суды ў Беларусі выносяць палітычныя прысуды, і працуюць яны ў адной звязцы з іншымі сілавымі структурамі.

“Я, шчыра кажучы, не чакаў, што для Каці і Дар’і будзе такі жорсткі прысуд, – дадае Гары Паганяйла. – Меркаваў, што могуць абмежавацца тым тэрмінам, што дзяўчаты ўжо адсядзелі, альбо будзе прысуд, не звязаны з пазбаўленнем волі.

На жаль, сёння ў краіне ёсць каманда прэсаваць усіх апанентаў, а прысуды выносіць самыя жорсткія. Самае дзіўнае, што і апеляцыйныя інстанцыі таксама не бачаць ніякіх праблем пры вынясенні падобных прысудаў. Адным словам, на законы яны вырашылі нават не глядзець. Выносяць такія прысуды, якія захочуць”.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні