Людміла Казак: Не думала, што могуць такім чынам перапыніць маю прафесійную кар’еру

19 лютага Кваліфікацыйная камісія па пытаннях адвакацкай дзейнасці пры Міністэрстве юстыцыі будзе разглядаць пытанне аб пазбаўленні ліцэнзіі адвакаткі палітвязня Марыі Калеснікавай — Людмілы Казак.

“Ілюзій не маю, – паведаміла сайту palitviazni.info Людміла Казак. – Мяркую, што ліцэнзіі мяне пазбавяць…”

Як вядома, падставай для разгляду пытання ў дачыненні Людмілы Казак Міністэрства юстыцыі палічыла «адміністрацыйнае правапарушэнне», прадугледжанае артыкулам 23.4 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь. Гэта расцанілі як «правіну, несумяшчальную са званнем адваката» і прызначылі разгляд на 19 лютага.

Раней Мінюст пазбавіў ліцэнзіі адваката Калеснікавай Аляксандра Пыльчанку, у дачыненні двух іншых адвакатаў — Іллі Салея і Максіма Знака пачалі крымінальныя справы. Салей знаходзіцца пад хатнім арыштам, Знак — пад вартай, абодвух прызналі палітвязнямі. Яны падазраваныя ў крымінальнай справе па факце стварэння і дзейнасці Каардынацыйнай рады.

“У мяне няма ніякіх ілюзій адносна таго, што пытанне вырашаць на маю карысць, – кажа Людміла Казак.У паведамленні ад Міністэрства юстыцыі канкрэтна ўказана – “для разгляду пытання аб спыненні тэрміна дзеяння ліцэнзіі”. Таму я разумею, што рашэнне будзе безальтэрнатыўным”.

Адвакат азначае, што, калі яе пазбавяць ліцэнзіі, то яна будзе абскарджваць рашэнне камісіі.

“Калі рашэнне прымуць па аналогіі з Аляксандрам Пыльчанкам, то пазбавіць ліцэнзіі могуць у той дзень, калі прымуць рашэнне – 19 лютага, – дадае Людміла Сяргееўна. – Шчыра кажучы, не думала, што могуць такім чынам перарваць маю прафесійную адвакацкую кар’еру. Калі мяне пазбавяць ліцэнзіі, то ў Марыі Калеснікавай, безумоўна, з’явіцца новы адвакат”.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Юрый Лявонаў
  • Анатоль Букас
  • Кацярына Салаўёва
  • Мікіта Сасім
  • Мікіта Ліхавід