Праўда, ліст, які Марыя Калеснікава напісала ў Мінюст, так і не выйшаў за сцены СІЗА.
“Патрабую неадкладна спыніць ціск, цкаванне і пераслед і аднаго з лепшых адвакатаў краіны”, – адзначыла Марыя ў лісце.
Як вядома, Людмілу Казак – адваката Марыі Калеснікавай – пазбавілі ліцэнзіі 19 лютага, і зараз яна ўжо не зможа абараняць і наведваць Марыю.
Напярэдадні экс-кіраўнік штаба прэтэндэнта на прэзідэнцкую пасаду Віктара Бабарыкі напісала ў Міністэрства юстыцыі ліст, але ён у Мінюст так і не патрапіў.
“Пазбаўленне ліцэнзіі майго абаронцы – гэта парушэнне майго права на абарону, ціск на мяне і паслядоўнае сістэматычнае супрацьдзеянне аказанні мне юрыдычнай дапамогі, – напісала Марыя Калеснікава. – Вось адвакаты, якія раней прадстаўлялі мае інтарэсы.
Максім Знак – арыштаваны і знаходзіцца ў СІЗА.
Ілля Салей – арыштаваны і зараз знаходзіцца пад хатнім арыштам.
Аляксандр Пыльчанка – пазбаўлены ліцэнзіі Мінюстам.
Людміла Казак – была выкрадзена, змешчана ў ІЧУ і прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці. Цяпер Мінюст пазбавіў Людмілу статусу адваката.
Гэта чацвёрты адвакат, які аказвае мне юрыдычную дапамогу і за гэта падвяргаецца ціску з боку праваахоўных органаў. Лічу, што пераслед маіх адвакатаў – гэта беспрцэндэнтны ціск на мяне асабіста і спроба пазбавіць мяне абароны. Калі аказанне мне юрыдычнай дапамогі спалучана з рызыкай апынуцца ў турме або пазбавіцца ліцэнзіі, я не магу быць упэўненая, што ў канчатковым выніку не застануся без адвакатаў наогул, бо іншыя адвакаты будуць баяцца аказваць мне юрыдычную дапамогу”.
***
Нагадаем, што Марыя Калеснікава ўзначальвала штаб Віктара Бабарыкі, які вылучаўся на пасаду прэзідэнта Беларусі на выбарах-2020.
7 верасня Калеснікава была выкрадзена невядомымі ў цэнтры Мінска. Раніцай 8 верасня з’явілася інфармацыя аб тым, што яе спрабавалі сілком дэпартаваць з Беларусі ва Украіну, але яна парвала свой пашпарт і зноў была затрыманая.
16 верасня Следчы камітэт Беларусі прад’явіў Калеснікавай абвінавачванне па ч. 3 арт. 361 КК Рэспублікі Беларусь (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы, учыненыя з выкарыстаннем СМІ і сеткі інтэрнэт). Артыкул прадугледжвае пакаранне ад 2 да 5 гадоў пазбаўлення волі.
palitviazni.info