Палітвязню Аляксандру Васілевічу працягнулі тэрмін знаходжання пад вартай яшчэ на два месяцы

Пра гэта паведаміла яго жонка Надзея Зелянкова.

“Саша трымаецца бадзёра, хаця ў студзені ён перахварэў на каранавірус, – распавяла Надзея. – У турме муж ужо паўгода…”

Вядомы бізнэсовец Аляксандр Васілевіч мінулым летам затрымліваўся двойчы. Першы раз — калі прыйшоў у КДБ падаць хадайніцтва аб змене меры стрымання Віктару Бабарыка. Тады паход у афіцыйную ўстанову скончыўся судом, Васілевічу далі 14 сутак, нібыта ён “актыўна ўдзельнічаў у несанкцыянаваным мітынгу” і крычаў: “Свабоду Бабарыку!”

Аляксандр адбыў адміністрацыйны арышт, а 27 жніўня быў ізноў затрыманы прадстаўнікамі Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю. У яго кватэры, офісе і кампаніях, якімі ён кіраваў, былі праведзеныя ператрусы.

4 верасня Васілевічу было прад’яўленае абвінавачванне. З-за ўзятай у адваката падпіскі аб невыдаванні матэрыялаў следства, на дадзены момант невядома, па якім артыкуле Крымінальнага кодэкса яно прад’яўлена. У якасці падазраванай па ўзбуджанай крымінальнай справе праходзіць і жонка Васілевіча — Надзея Зелянкова, якая зараз знаходзіцца ў Таліне.

“Муж, відаць, прызнаны асабліва небяспечным злачынцам, – кажа Надзея Зелянкова. – Ужо 6 месяцаў ён у турме, зараз стала вядома, што тэрмін знаходжання пад вартай працягнулі яшчэ на два месяцы”.

Па словах Надзеі Зелянковай, трымаецца муж бадзёра, хаця ў студзені перахварэў на каранавірус.

“Трэба таксама адзначыць, што апошнія паўтары месяцы сустрэчы Сашы з адвакатам праходзяць у адмысловым пакоі, дзе муж знаходзіцца ў клетцы пад замком, а дакументы адвакат прыкладвае да шкла, каб яго падабаронны мог прачытаць. А зрок у яго паляцеў. У такіх пакоях з клеткамі звычайна сустракаюцца з забойцамі, якія могуць пагражаць бяспецы адвакатаў”.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Яўген Сувораў
  • Зьміцер Буланаў
  • Зьміцер Хведарук
  • Павал Севярынец
  • Андрэй Дзьмітрыеў