Эдуард Пальчыс

Эдуард Пальчыс нарадзіўся ў Лідзе, яму 30 гадоў. Займаецца гісторыяй, жанаты. Не звязаны ні з адной палітычнай сілай альбо апазіцыйнай групоўкай.

Эдуард Пальчыс – блогер і публіцыст, больш вядомы пад нікам “Джон Сільвер”. Заснавальнік сайта 1863x.com. Даволі доўгі час яго сапраўднае імя заставалася невядомым, аднак пасля раптоўнага арышту у Расіі імя Пальчыса было раскрытае.

На сайце друкаваліся палітычныя тэксты, нярэдка з рэзкай крытыкай уладаў Расіі і Беларусі. Лічыцца, што піку папулярнасці сайт дасягнуў пад канец 2015 года. На ім сабраныя ў асноўным публіцыстычныя артыкулы на гістарычныя і каляпалітычныя тэмы, шмат матэрыялаў, прысвечаных палітыцы Крамля ў дачыненні да сваіх суседзяў.

Відаць, найбольш папулярнай публікацыяй сайта стаў артыкул пад загалоўкам “Как Беларуская Православная Церковь готовит нас к “русскому миру”. Пры гэтым нельга сказаць, што сайт 1863x.com меў масавую папулярнасць.

Храналогія пераследу

У лістападзе 2015 года Пальчыс паведаміў аб затрыманні КДБ і прымусовым знаходжанні ў псіхіятрычнай лякарні. Пасля гэтага ён пераехаў ва Украіну.

Аб затрыманні ў Расіі Эдуарда Пальчыса стала вядома напрыканцы студзеня 2016 году. Пазней адно расійскае нацыяналістычнае выданне паведаміла, што беларус быў затрыманы пры перасячэнні украінска-расійскай мяжы і ўтрымліваецца ў бранскай турме.

Напрыканцы мая 2016 года блогера экстрадзіравалі ў Беларусь, дзе ён быў узяты пад варту.

22 июня старшыня Следчага камітэта Беларусі Іван Наскевіч пацвердзіў, што Эдуарду Пальчысу прад’яўлена абвінавачванне. Ён абвінавачваецца ва ўчыненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 1 арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці або розні) і ч. 2 арт. 343 (распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

25 жніўня 2016 года суд Цэнтральнага раёна Мінску разгледзеў справу аб прызнанні экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыі, размешчанай на сайце 1863х.com. У выніку закрытага судовага пасяджэння 9 артыкулаў, размешчаных на дадзеным сайце, былі прызнаныя экстрэмісцкімі.

5 кастрычніка беларускія праваабаронцы прызналі блогера Эдуарда Пальчыса палітвязням, пра што гаворыцца ў сумеснай заяве закрытага беларускімі ўладамі праваабарончага цэнтра “Вясна”, Цэнтра прававой трансфармацыі Lawtrend, Беларускага дома правоў чалавека імя Барыса Звозскава (Вільня), ПУ “Беларускі дакументацыйны цэнтр”, камітэта абароны рэпрэсаваных “Салідарнасць” і ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”.

Яны патрабуюць вызваліць Пальчыса з-пад варты, паколькі забеспячэнне яго яўкі ў суд можа быць гарантаванае і іншымі мерамі стрымання, не звязанымі з ізаляцыяй абвінавачанага, а таксама спыніць справу ў дачыненні да блогера па ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса і забяспечыць правядзенне адкрытага судовага працэсу з захаваннем усіх гарантый справядлівага судовага разбору.

Суд над Эдуардам Пальчысам адбываўся з 14 кастрычніка па 28 кастрычніка 2016 года  ў Мінскім гарадскім судзе. Разгляд справы праходзіў у закрытым рэжыме.

Пальчыс, справа якога слухалася ў закрытым рэжыме, прызнаны вінаватым па  артыкуле 130 частка 1 Крымінальнага Кодэксу РБ : распальванне варожасці па прыкмеце расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай ці іншай сацыяльнай прыналежнасці і па артыкуле 343:  выраб і распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару. Агулам пакараньне – адзін год і дзевяць месяцаў абмежаваньня волі без накіраваньня ва ўстановы адкрытага тыпу (так званая “хатняя хімія”).

Эдуард Пальчыс быў аўтарам тэлеграм-канала Palchys, з’яўляўся арганізатарам акцый і канцэртаў “БНР-100”, “БНР-101”.

Эдуард быў затрыманы ў канцы кастрычніка 2020 года пры невядомых абставінах. Летам яму прысудзілі два разы па 15 сутак арышту за парушэнне артыкула 23.34 КаАП, менавіта іх адправілі адбываць блогера пасля затрымання.

Пазней высвятлілася, што ў чэрвені Эдуард два разы быў завочна асуджаны судом да 15 сутак арышту. Але пасля “сутак” з ІЧУ на Акрэсціна ён так і не выйшаў. Яму прад’явілі абвінавачванне па ч. 1 арт. 243 КК (Арганізацыя масавых беспарадкаў). Што канкрэтна ставяць у віну блогеру – пакуль невядома.

16 снежня, падчас зняволення Эдуарда, у яго нарадзілася дачка.