Зьміцер Паліенка

11 кастрычніка адбудзецца суд над раварыстам Зміцерам Паліенкам.

“Напэўна, не варта спадзявацца, што будзе вынесены поўнасцю апраўдальны прысуд, бо справы грамадскіх актывістаў заўсёды ва ўлады на кантролі, – распавяла сайту palitviazni.info праваабаронца Наста Лойка. – Але хочацца верыць, што зараз, калі адчуваецца нейкае пацяпленне ва ўзаемаадносінах паміж Беларуссю і Захадам, афіцыйнаму Мінску не захочацца абвастраць сітуацыю. Будзем спадзявацца, што Зміцера ўсё ж-такі вызваляць па выніках суда…”

15-гадовы актывіст

Зміцер Паліенка нарадзіўся 26 мая 1994 года. З 15-ці гадоў з’яўляўся актывістам беларускага аддзялення Нацыянал-бальшавісцкай партыі, удзельнічаў у іх акцыях, за што неаднаразова сядзеў на сутках — напрыклад, у 2013 годзе ён быў пакараны за расцяжку «Далоў армію рабоў!» на агароджы Міністэрства абароны. На той час НБП ужо адыйшла ад сваёй праўладнай пазіцыі і стала ладзіць акцыі па больш сацыяльных тэмах і нават выказвала салідарнасць з палітвязнямі-анархістамі.

“Я асабіста была знаёма са Зміцерам, у яго даволі складаны, звілісты лёс, – распавядае Наста Лойка. – Нягледзячы на свой малады ўзрост, ужо шмат чаго паспеў пабачыць у беларускай рэальнасці і рана пачаў займацца грамадаска-актывісцкай дзейнасцю. Спачатку далучыўся да нацболаў, Зміцера неаднаразова затрымлівалі падчас акцый і штрафавалі. Потым ён стаў займацца самастойнай сацыяльнай дзейнасцю і не прыпісваў сябе ні да якіх арганізацый, але вельмі паслядоўна рабіў шмат якія карысныя справы. Напрыклад, збіраў паштоўкі для палітвязняў альбо звяртаў увагу на нейкія сацыяльныя праблемы”.

Як паведамляе сайт анархістаў “Прамень”, адыход ад НБП не быў простым і лёгкім для Паліенкі. Вясной 2014-га Зміцер (таксама вядомы паміж сяброў, як Дымок) выйшаў з НБП і далучыўся да анархістаў. Тады ж з ім адбыўся смешны выпадак: участковы міліцыянт праз дзверы кватэры прасіў яго сесці на суткі «дабраахвотна», бо блізілася 9 мая, і ўладам трэба было закрыць усіх патэнцыйных пратэстоўцаў на Акрэсціна. Выпадак быў запісаны на відэа і меў шырокі рэзананс.

З часам Зміцер станавіўся ўсё яшчэ больш частым госцем ў ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна.

Год у ЛПП

“Калі было масавае паляванне на актывістаў, многім з іх прыпісвалі ўжыванне алкаголю, – працягвае Наста. – Не скажу, што Зміцер у гэтым плане быў святы, але меры супраць яго ўжылі даволі жорсткія – год ён правёў у лячэбна-працоўным прафілакторыі (ЛПП)”.

У ЛПП Зміцер Паліенка па рашэнні суда быў змешчаны ў 2014 годзе. Прычым, працэс накіравання быў не зусім зразумелым і хуткім. Судовае рашэнне аб накіраванні ў ЛПП ён абскардзіў, аднак вынікаў не дачакаўся, паколькі ў той час адбываў адміністратыўны арышт падчас чэмпіянату свету па хакеі у ЦІПе на Акрэсціна. Адтуль яго адразу і павезлі ў Светлагорск на “лекаванне”. Спачатку Паліенка ўтрымліваўся ў Светлагорскім ЛПП, а апошнія тры месяцы ў Дзяржынску, у аналагічнай установе.

Адразу па прыездзе ў ЛПП картку Зміцера Паліенкі пазначылі адмысловай “чырвонай паласой”. Такую “метку” маюць тыя, хто схільныя да пабегу. Для іх уводзіцца спецыяльны рэжым, здзяйсняюцца частыя праверкі, нават уначы.

У Светлагорскім ЛПП Зміцер займаўся некваліфікаванай працай: здзіраў ізаляцыю з дроту, метадычна і манатонна.

“Каб не перадачы з дому і ўласныя грошы – было б зусім цяжка, бо патрэбна набываць сродкі гігіены, – распавядаў моладзевы актывіст праваабаронцам. – Ежы таксама не хапала, асабліва ў Светлагорску, а якасць яе цяжка нават апісаць словамі. Пры гэтым ад нас патрабавалася пад’есці за 5-6 хвілін. Таму трэба было нешта з прадуктаў набываць у краме. У Светлагорск, напрыклад, перыядычна 2 разы на тыдзень на тэрыторыю ЛПП прыязджала аўталаўка. А ў Дзяржынску нас вадзілі ў краму, праўда праз асобны ўваход”.

За нязначныя парушэнні Правілаў унутранага распарадку Зміцеру Паліенку неаднаразова выносіліся спагнанні. Напрыклад, за тое, што піў гарбату ў неўстаноўлены час, альбо не паспеў пагаліцца раніцай.

Акцыя раварыстаў

І нават пасля ўсіх гэтых выпрабаванняў працягваў займацца актыўнай дзейнасцю.

“Крытычная маса” – гэта рэгулярныя акцыі раварыстаў, якія спрабуюць адстаяць свае правы, – распавядае праваабаронца. – Перыядычна ўдзельнікаў міліцыя старалася разганяць. 29 красавіка быў даволі жорсткі разгон, тады затрымалі 6 чалавек. З іх – чатырох абвінавацілі ў парушэнні правілаў дарожнага руху, а таксама непарадкаванні супрацоўнікам міліцыі. Пазней супраць двух затрыманых была ўзбуджаная крымінальная справа па артыкуле 364 КК РБ — «Гвалт ці пагроза гвалту супраць супрацоўнікаў міліцыі» — нібыта аднаму з ДАІшнікаў Зміцер Паліенка парваў куртку. Аднаго падазронага – Стаса Канавалава, выпусцілі пад падпіску аб нявыездзе, пазней яго справы закрылі. А Зміцера накіравалі ў СІЗА, дзе ён да гэтага часу чакае суда”.

Вядома, што Зміцер не прызнае сябе вінаватым. Паводле міліцыі, Паліенка счапіўся з супрацоўнікам і парваў яму форменную вопратку. Яле бацька актывіста распавёў, што ягоны сын заступіўся за сябра, адносна якога міліцыянт ужыў фізічную сілу.

“Нашы назіральнікі сведчылі пра мірны характар акцыі, якую праводзілі раварысты, – дадае Наста. – Яны не ажыццяўлялі гвалтоўных дзеянняў і не стваралі ніякіх перашкодаў для акружаючых. Наадварот – былі грубыя дзеянні з боку міліцыянтаў. Сам факт разгону ўдзельнікаў акцыі, іх затрымання і пераследу праваабаронцы палічылі, як непрапарцыйныя меры. Датычна эпізоду з гвалтам да супрацоўніка міліцыі, які быццам бы ўчыніў Зміцер Паліенка, то па той інфармацыі, што ёсць у відэароліку, вельмі цяжка сцвярджаць размах таго, што адбывалася. Са слоў тых, каго затрымлівалі, супрацоўнікі ДАІ сябе груба сябе паводзілі, і ніхто не бачыў, каб Зміцер парваў міліцыянту куртку. Але ў нюансах мы зможам разабрацца толькі ў судзе. Пакуль што мы не бачым нейкіх гвалтоўных учынкаў з боку Паліенкі, каб яны былі прапарцыйны таму, што чалавек ужо амаль паўгода знаходзіцца пад вартай, і па гэтаму артыкулу яму пагражае даволі вялікі тэрмін – да 6 гадоў зняволення”.

Са слоў суразмоўцы, напярэдадні перадачы справы ў суд супраць Зміцера вылучылі яшчэ адно абвінавачванне – па артыкуле аб распаўсюдзе парнаграфіі з выкарыстаннем сацыяльных сетак:

“Пасля затрымання хлопца была канфіскавана яго камп’ютарная тэхніка, і на яго старонцы “В контакте” знайшлі нейкі відэаролік, які быў размешчаны яшчэ тры гады таму. Але раней ніякіх прэтэнзій не было. Адным словам, тут таксама нейкая “цёмная” гісторыя, якая павінна праясніцца ў судзе”.