Былы палітвязень Зміцер Дашкевіч распавёў сайту palitviazni.info пра сёняшнія рэпрэсіі і палітычных зняволеных.
Зміцер Дашкевіч адзначае, што ў гэтай кампаніі ён актыўна не ўдзельнічае, хаця яму імпануе кандыдатура Святланы Ціханоўскай. І адзначае прадказальнасць таго, што ў краіне з’явілася 25 палітычных зняволеных, а многія актывісты сёння знаходзяцца за кратамі.
“Асноўнае адрозненне гэтай прэзідэнцкай кампаніі ад папярэдніх палягае ў тым, што з кожным годам ва ўладаў Беларусі ўсё больш сыходзіць зямля з-пад ног, – кажа Зміцер Дашкевіч. – І чым далей яна сыходзіць, чым шпарчэй гарыць пад нагамі, тым большыя патрэбныя рэпрэсіі. Узроўнем рэпрэсій у асноўным і адрозніваюцца гэтыя прэзідэнцкія выбары ад астатніх.
Калі раней кандыдатаў у прэзідэнты саджалі ў турму ў дзень выбараў, то зараз за два месяцы да асноўнага дня галасавання. Усіх трэба пасадзіць да выбараў, таму што вельмі няўстойлівыя пазіцыі. І думаю, што далей будзе яшчэ больш сумна.
Не без дапамогі Масквы можа адбыцца самая сапраўдная мясарубка. Трэба разумець, каму мы супрацьстаім, і якія ў нас сілы. Калі адказна не падыйсці ад адказаў на гэтыя пытанні, то і самі ў апынемся ў гэтай мясарубцы, якая можа перамалоць і Лукашэнку, а разам з ім і тых, хто туды палезе”.
На думку Змітра, Павел Севярынец, Мікола Статкевіч і іншыя актывісты будуць знаходзіцца за кратамі, пакуль не пройдуць выбары.
“Пакуль будзе захоўвацца нестабільная палітычная сітуацыя, гэтыя людзі будуць сядзець. На мой погляд, турбулентнасць будзе захоўвацца і нават павялічыцца”, – дадае ён.
palitviazni.info
Фота: euroradio.fm