Зміцер Паліенка: Лекцыі ў міліцыі прынцыпова ігнарую

Былы палітвязень Зміцер Паліенка, які выйшаў на волю 24 кастрычніка, распавёў сайту palitviazni.info, што знайшоў сабе працу і больш не ходзіць на лекцыі ў РУУС Заводскага раёна Мінска.

“Некалькі разоў схадзіў у міліцыю, але там проста давялося сядзець каля гадзіны ў актавай зале і глядзець у столь, – кажа Зміцер. – Ніякіх лекцый наогул не было”.

Хутка будзе месяц, як выйшаў на волю Зміцер Паліенка. Са слоў былога палітычнага зняволенага, у міліцыі яму было заяўлена: пакуль ён не знойдзе сабе працу, абавязаны штодзень (акрамя выходных і панядзелка) хадзіць у РУУС Заводскага раёна і з 17.00 да 18.00 слухаць лекцыі аб працаўладкаванні.

“Я ўжо знайшоў сабе працу – разнарабочым, – кажа Зміцер Паліенка. – Пакуль можа і не тую, што хацеў бы, але і беспрацоўным не застаюся. А вось на лекцыі ў міліцыю прынцыпова перастаў хадзіць пасля трох такіх наведванняў РУУС. Я туды прыходзіў і каля гадзіны проста сядзеў у актавай зале і глядзеў у столь. Ніхто ніякія лекцыі не чытаў. Магчыма, такім чынам праваахоўныя органы хочуць мяне штодзень трымаць пад сваім кантролем, але які сэнс у такіх пустых рэжымных мерапрыемствах?”

Зміцер Паліенка адзначае, што напярэдадні яго папярэджвалі: калі не з’явіцца на лекцыю, то складуць пратакол па арт. 23.4 (непадпарадкаванне законнаму патрабаванню супрацоўніку міліцыі).

“Казалі, што ніякія апраўданні не прымаюцца, – дадае Паліенка. – Але, нягледзячы на тое, што я перастаў хадзіць на лекцыі, міліцыя мяне з гэтай нагоды не турбуе”.

palitviazni.info

Фота: Радыё Свабода

Іншыя палітычныя вязьні

  • Анатоль Шумчанка
  • Мікола Статкевіч
  • Сяргей Скрабец
  • Аляксандар Малчанаў
  • Антон Койпіш