Хто і навошта вербаваў журналіста?

Журналіст Tut.by Дзмітрый Бобрык распавёў, што падчас допыту ў Следчым камітэце па «справе БелТА» яго шантажом завербавалі.

“Трэба разумець, што гэта – не адзінкавы выпадак, а частка больш шырокай стратэгіі па пастаноўцы ўсёй грамадзянскай супольнасці пад кантроль”, – выказаў сайту palitviazni.info свой погляд на сітуацыю былы палітвязень Мікола Дзядок.

Журналіст Дзмітрый Бобрык паведаміў, што пасля трохгадзіннага ператрусу ў кватэры 7 жніўня яго адвезлі ў цэнтральны апарат Следчага камітэта, дзе пагражалі яму і яго блізкім. У выніку ён напісаў дакумент аб супрацоўніцтве.

Нагадаем, некалькіх беларускіх журналістаў і рэдактараў затрымалі 7 жніўня ў рамках так званай «справы БелТА». Іх абвінавачваюць у тым, што нібыта яны незаконна скарысталіся паролямі ад платнага сэрвісу дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва БелТА.

“Хлопец распавёў, што вярбоўка адбывалася ў памяшканні Следчага камітэта, але людзі, якія займаліся гэтым, маглі быць з якіх заўгодна спецслужбаў, – кажа Мікола Дзядок. – Цалкам магчыма, што гэта былі супрацоўнікі КДБ, якія прадставіліся следчымі. Альбо яны наогул маглі не прадстаўляцца. Але вярбаваць інфарматараў – справа і насамрэч не Следчага камітэта, не іх гэта юрысдыкцыя. Таму я хутчэй схіляюся да таго, што гэта былі якраз-такі супрацоўнікі КДБ. Гэта менавіта іх абавязкі – “праца” з журналістамі”.

Мікола Дзядок дадае, што гэта, хутчэй за ўсё, не адзінкавы выпадак, а частка больш шырокай мэтанакіраванай стратэгіі па пастаноўцы ўсёй грамадзянскай супольнасці пад кантроль.

“На мой погляд, палітычныя партыі і арганізацыі ў асноўным пад такі кантроль ужо пастаўлены, а зараз улады ўзяліся за сферу незалежных СМІ, якая ім была да гэтага непадкантрольная, – выказвае меркаванне суразмоўца. – Прасцей такі кантроль ажыццяўляць праз інфарматараў.  Думаю, прапановы “аб супрацоўніцтве” паступалі не толькі аднаму Дзмітрыю Бобрыку, але і некаторым іншым яго калегам, на якіх у сілавікоў маюцца рычагі ўплыву. Звычайна ціснуць на асабістае жыццё, вядомы выпадкі, калі спецслужбы пагражалі агалосіць нейкую інфармацыю інтымнага характара. Спецслужбы заўсёды вывучаюць слабыя месцы чалавека, каб ведаць, на што націснуць. Кагосьці заманьваюць пернікам, абяцаючы кар’ерны рост і грашовыя перспектывы, але часцей пагражаюць выкрыць нейкія слабасці, якія, напэўна, ёсць у кожнага”.

Мікола Дзядок адзначае, што ўладам неабходна ўзяць пад кантроль усе СМІ, бо яны для ўлады – вялікая небяспека.

“У выпадку нестабільнасці і сацыяльных пратэстаў, СМІ робяцца правадніком незадаволенасці на шырокія масы, а таксама інструментам для самаарганізацыі. Таму вярбоўка журналіста цалкам укладваецца ў кантэкст апошніх спраў аб экстрэмізме, у блакаванне некаторых сайтаў (у тым ліку, і анархісцкіх, а анархісты таксама прымалі ўдзел у  пратэстах). Паўтаруся, вярбоўка журналіста – гэта толькі адзін эпізод рэалізацыі стратэгіі”.

Мікола Дзядок кажа, што за ўсе гады супрацьстаяння з сістэмай спецслужбы не спрабавалі яго завербаваць.

“Былі два выпадкі, але гэта нельга назваць вярбоўкай, – успамінае ён. – У 2010 годзе сілавікі хацелі, каб я распавёў пра анархісцкі рух і здаў сваіх сяброў. І яшчэ адзін выпадак быў, калі ў Жодзінскай турме мяне аператыўнік выклікаў і запытаўся, ці ёсць у “хаце” забароненыя рэчы. Але вербаваць не спрабавалі. Відаць, таму, што спецслужбы адштурхоўваліся ад маіх паводзін падчас следства ў 2010 годзе, калі я адмовіўся даваць супраць сваіх сябороў-паплечнікаў паказанні. Мабыць, палічылі мяне неперспектыўным для вярбоўкі”.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Яўген Сакрэт