13 сакавіка ў калонію да палітвязня Міхаіла Жамчужнага наведаюцца Рэспубліканская і Магілёўская абласная назіральныя камісіі.
Ці змогуць сябры камісій пасля візіта ў калонію давесці да кіраўніцтва Дэпартамента выканання пакаранняў пра складанасць той сітуацыі, у якой апынуўся Жамчужны? І ці маюць гэтыя камісіі наогул нейкі ўплыў?
Нагадаем, што праблемы ў Міхаіла Жамчужнага пачаліся пасля пераводу ў Горацкую калонію, дзе для яго былі створаныя невыносныя ў сілу сваёй жорсткасці і зневажальнага характару ўмовы для адбыцця пакарання.
“Я вельмі спадзяюся, што сустрэча сябраў камісій можа паўплываць на тое, каб праблемы ў Міхаіла закончыліся, але, як паказвае практыка працы назіральнай камісіі, чакаць ад яе насамрэч сур’ёзных даследванняў сітуацыі не даводзіцца, – распавёў сайту palitviazni.info праваабаронца Андрэй Бандарэнка. – Хаця ўжо сам факт таго, што камісія вымушана выехаць для разбіральніцтва, – гэта паказчык таго, што ўся наша праца па выратаванні Жамчужнага не была дарэмнай”.
Са слоў суразмоўцы, вялікіх паўнамоцтваў у камісіі няма, але ў той жа час іх высновы аб невыносных умовах утрымання Дэпартамент выканання пакаранняў не зможа праігнараваць.
“Але, хутчэй за ўсё, пачуем, што ніякіх парушэнняў не знойдзена, – дадае Андрэй Бандарэнка. – Пракуратура зараз праводзіць праверку па нашых зваротах з нагоды правакацый у калоніі ў дачыненні да Міхаіла Жамчужнага, але Дэпартамент выканання пакаранняў адказаў, што ніякага нападзення на яго не было. І, маўляў, мы не маем права рабіць такія заявы. Вось і ўсё справядлівае разбіральніцтва”.
***
Нагадаем, заснавальнік “Платформ Інавэйшн” Міхаіл Жамчужны ў ліпені 2015 года быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакаранне – шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.
Ён быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных арт. 376 (часткі 1 і 2), ч.5 арт. 16, арт. 375 (частка 1) і арт. 431 (часткі 1 і 2): падбухторванні да наўмыснага разгалошвання звестак, якія складаюць службовую таямніцу; незаконным набыцці і збыце спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі, у тым ліку — паўторна; дачы хабару і дачы хабару паўторна.
Праваабаронцамі Міхаіл Жамчужны прызнаны палітвязнем.
palitviazni.info