Алесь Бяляцкі: Спадзяёмся, што наш голас будзе пачуты

Напярэдадні сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ прайшоў і Паралельны форум грамадзянскай супольнасці пад назвай “Шэсць гадоў пасля даклада ў рамках Маскоўскага механізму АБСЕ аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі: што змянілася?”

“Пытанне палітвязняў таксама ўвайшло ў рэзалюцыю, якую мы прынялі на форуме”, – распавёў сайту palitviazni.info кіраўнік Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі

Як вядома, па выніках форума была прынята рэзалюцыя, якая ўтрымлівае спецыяльны раздзел па сітуацыі ў Беларусі. Гэты раздзел уключае цэлы шэраг канкрэтных рэкамендацый.

«Выкананне Беларуссю абавязальніцтваў у рамках АБСЕ і яе ўзаемадзеянне з механізмамі і працэдурамі АБСЕ вымушае жадаць лепшага, і мы просім вашай асаблівай увагі да гэтай сітуацыі», – звяртаюцца аўтары рэзалюцыі да яе адрасатаў.

“Пытанне палітвязняў таксама ўвайшло ў рэзалюцыю, – распавёў сайту palitviazni.info кіраўнік Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі. – Гэтая тэма падымалася і падчас выступленняў і на форуме, і на брыфінгу. Мы персанальна спыняліся на тым, што ў Беларусі ёсць палітычныя зняволеныя”.

Са слоў праваабаронцы, правядзенне ў Мінску Парламенцкай Асамблеі АБСЕ – “гэта палітычны крок беларускіх уладаў”.

“Але, улічваючы, што АБСЕ – структура, якая ў сваёй дзейнасці ў значнай ступені мае і правапабарончы аспект, мы выкарыстоўваем гэта настолькі максімальна, наколькі магчыма, каб давесці праўдзівую інфармацыю, – дадае Алесь Бяляцкі. – Адным словам, у гэтай сітуацыі кожны спрабуе выгадаць сваё. У рэзалюцыі мы паказалі сапраўдную карціну таго, што адбываецца ў Беларусі, ведаючы, што ўлады будуць выкарыстоўваць Парламенцкую асамблею ў Мінску ў якасці магчымасці палепшыць сітуацыю на заходнім накірунку, прынцыпова нічога не змяняючы ў самой Беларусі. Спадзяёмся, што наш голас будзе пачуты”.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні