Павел Севярынец: Прэсуюць усіх, хто ідзе па палітычных прысудах

16 мая скончыліся 15 сутак адміністрацыйнага арышту Паўла Севярынца і Максіма Вінярскага, затрыманых пасля акцыі 1 мая ў Мінску.

Пасля вызвалення былы палітвязень Павел Севярынец распавёў сайту palitviazni.info пра адмысловыя ўмовы ўтрымання для “палітычных” і ўзровень рэпрэсій у Беларусі.

–  Акцыя 1 мая, за якія мне далі 15 сутак, відаць, вельмі раз’юшыла карныя органы, – кажа палітык. – Таму што адразу адчуваўся адмысловы заказ. Пра гэта, дарэчы, ведалі і ўнутры Цэнтра ізаляцыі. Усіх, хто ішоў па палітычных прысудах, прэсуюць. Напрыклад, у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна стаялі паўпустыя камеры, а ў камеру з “палітычнымі” піхалі шэсць чалавек на чатыры койкі. І начуйце, маўляў, з такімі праблемамі. У людзей проста канфіскоўвалі пры ператрусах у камеры асадкі і паперу, хаця ўсё гэта дазволена мець па законе. Адчынялі вокны, а таму ўсім даводзілася спаць у вопратцы. Падкідвалі ў камеры бяздомных з вошамі. За 15 сутак такіх было ў нас 8 чалавек. Усё гэта рабілася мэтанакіравана, проста для таго, каб мы, у рэшце рэшт, падхапілі тыя самыя вошы.

Таму, натуральна, усю гэтую сітуацыю беззаконня трэба будзе абавязкова данесці да ўсіх адпаведных органаў і структур. Па-другое, будзем звяртацца і да еўрапейцаў, якія фундуюць спецпрыёмнікі ў Беларусі. Няхай ведаюць, куды ідуць іх грошы.

Паўтаруся, тут быў абсалютна дакладны загад прэсануць прадстаўнікоў апазіцыі. Таму ў гэтым плане адсідка была адметная. Але, дзякуй Богу, перадавалі перадачы, кнігі даводзілася чытаць… Тут нас багата хто падтрымліваў.

– А чаму акцыя 1 мая, як вы кажаце, так “раз’юшыла” ўлады?

– Думаю, таму, што пасля нешматлікага “Чарнобыльскага шляху” ўлады падумалі, што пратэстная хваля збітая, і пратэсты пачалі заганяць “у нуль”. Пачаліся запалохванні, прэвентыўныя арышты, і, напэўна, меркаваліі, што 1 мая на Кастрычніцкай плошчы з’явіцца толькі маленькая купка людзей, якія сіратліва пастаяць ды разыйдуцца.

А калі выйшлі сотні людзей, якія не пабаяліся аўтазакаў, што следавалі за калонай, то гэта іх і раз’юшыла. Вялікі зрух за гэтую вясну адбыўся, а прастора свабоды ў цэнтры горада адваявана. Людзі не баяцца выходзіць на вуліцу. І гэта, безумоўнга, уладам вельмі не спадабалася.

– Якія высновы павінны зрабіць улады і апазіцыя з гэтай пратэстнай вясны?

– Найперш трэба разумець, што пратэсты – гэта тэктанічны зрух. Каб па ўсёй краіне на вуліцы выходзілі тысячы людзей, такога ў Беларусі ўжо даўно не было. Зрух пайшоў, гэта першы штуршок палітычнага землятрусу. Зараз ёсць пэўны перапынак, але, як і пры кожным землятрусе, думаю, тут будуць і паўторныя штуршкі. Магчыма, нават больш моцныя.

А ўладам трэба перастаць ціснуць свой народ. Бо гэта нават не закручванне гаек, каб механізм лепш працаваў, а дэманстратыўнае запалохванне і груба зробленая псіхалагічная атака на свой уласны народ. Маўляў, мы будзем рабіць тое, што хочам, а вы будзеце маўчаць і есці тое, што даюць. Але беларусы сказалі: “Не! Мы гэта есці не будзем. Маўчаць таксама не будзем”. І ніводны рэжым вайну ў свайго народа не выйграваў. Калі на вуліцу з пратэстамі выходзяць нават пенсіянеркі і рабочыя, якія па 36 гадоў адпрацавалі на заводзе, а зараз ім прыйшла паперка заплаціць падатак на “дармаедства”, то гэта зусім іншая якасць праблемы.

– Як вы ацэньваеце сёняшні узровень рэпрэсій у краіне?

– Сёння за кратамі знаходзяцца людзі, якія праходзяць па “справе патрыётаў”, у краіне ёсць палітзняволеныя, сядзець людзі ў Цэнтры ізаляцыі…

Размах рэпрэсій, як мне падаецца, на ўзроўні 2011-га году. І гэта вельмі сур’ёзны размах. Тыя, хто робіць выгляд, што нічога асаблівага не адбываецца, проста падманвае самога сябе. Многія еўрапейскія палітыкі таксама падманваюць самі сябе, таму што ўзровень рэпрэсій па мерках, скажам, 2014-2015 гадоў проста захлынае. Дзесяткі людзей знаходзяцца пад крыміналам і пад здзекамі. І ў цэнтры Еўропы такое трываць немагчыма. Таму еўрапейцам трэба рабіць свой выбар і ставіць пытанне больш жорстка перад беларускай уладай. Калі ўжо весці беларуска-еўрапейскі дыялог, то трэба патрабаваць ад беларускіх уладаў неадкладна спыніць тое беззаконне, што зараз адбываецца.

– А ці магчымы ў краіне агульнанацыянальны дыялог?

– Магчымы толькі пры ўмове сыходу гэтага рэжыму. У такім выпадку мы, як хрысціянскія дэмакраты, гатовы весці такі дыялог. Размаўляць пра свабодныя выбары, якія абавязкова павінны адбыцца, пра тое, як будуць разблытвацца заблытаныя ўладамі фінансавыя справы. Пра ўсё гэта можна і трэба размаўляць. Але я сказаў, пры якой умове магчымы такі дыялог.

– На ваш погляд, ці працягнуцца ў бліжэйшы час рэпрэсіі, пасадкі на “суткі” альбо гэтая хваля ўжо прайшла?

– Цяжка сказаць. Мяркую, барометрам сітуацыі будзе “справа патрыётаў”, паглядзім, як абыйдуцца з гэтымі хлопцамі. Калі крымінальную справу працягнуць больш чым на два месяцы, то можна будзе казаць, што ўлады ўзялі курс на задушэнне дэмакратычнага руху.

Магчыма, да восеньскіх ваенных вучэнняў з удзелам Расіі гэтая справа будзе выкарыстоўвацца, як пернік расійцам. Маўляў, мы арыштоўваем беларускіх патрыётаў, а вы пасля не заставайцеся ў краіне і з’язджайце. Думаю, што гульня ідзе прыблізна так. І ў гэтай цынічнай гульні закладнікамі апынаюцца простыя беларускія хлопцы, якія гатовы абараняць сваю Радзіму.

Увогуле, ужо бачна заканамернасць. Калі ідзе паўнавартасны дыялог з еўрапейцамі, рэпрэсіі зніжаюцца. Як толькі чакаюць крэдыт ад Расіі, рэпрэсіўны ціск распачынаецца з новай сілай. Зараз, як вядома, праглядаецца расійскі вектар. Але ўлады самі сябе такім чынам загналі ў пастку. Гэта тупік. Горш за тое – усё можа скончыцца не проста пустым месцам, а можа скончыцца кепска для рэжыма.

– А для краіны?

– І краіну могуць пацягнуць за сабой, таму што ўлады прыкавалі сябе да Беларусі ланцугамі.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні