Былы палітычны зняволены Мікалай Дзядок выказаў на сайце palitviazni.info сваё стаўленне да таго, якім чынам зараз развіваюцца беларуска-еўрапейскія адносіны.
“Тое, як будуць далей развівацца стасункі, залежыць, на мой погляд, ад таго, хто – МВФ ці Расія, першым дасць Беларусі крэдыт, – лічыць Мікалай Дзядок. – Але, лічу, у выпадку атрымання крэдыту ад любога з іх “лібералізацыя” пачне згортвацца. Асаблівасць беларускага рэжыму ў тым, што ён фактычна не робіць стратэгічных рашэнняў, жыве адным днём”.
“Краіна жыве па прынцыпе “абы выжыць”, – дадае былы палітвязень. – Еўропа не дае крэдыт? Заўсёды можна набраць новых палітвязняў, патрымаць іх пэўны час, і за вызваленне атрымаць грошы. Да таго ж, для згортвання так званай лібералізацыі ёсць сур’ёзныя сацыяльныя нагоды: жудасная эканамічная сітуацыя і падзенне ўзроўню жыцця працоўных. Пачасціліся стыхійныя пратэстныя акцыі, страйкі. У такіх умовах працягваць паўнавартасную палітычную лібералізацыю для ўлады – самагубства, бо яна можа апынуцца Майданам. Я ўпэўнены, што ў выпадку сур’ёзных масавых пратэстаў рэжым дастане “са старых запасаў” увесь рэпрэсіўны арсенал і мабілізуе ўсю карную сістэму без усялякай аглядкі на Захад”.
Таму, па словах Мікалая Дзядка, казаць аб нейкім прагрэсе ў плане пашырэнняў свабодаў дачасна.
“Але, калі глядзець на даўгатэрміновую перспектыву, то з нагоды паступовага татальнага эканамічнага (а значыцца, ў будучыні – і палітычнага) калапсу Расеі, Лукашэнка можа пачаць збліжэнне з Захадам, – прагназуе ён. – Уладзе трэба карміцца там, дзе ёсць грошы, а ў Расіі ж і так крызіс. У той жа час Захад можа закрываць вочы на парушэнні правоў чалавека і дыктатуру ў Беларусі па аналогіі з Турцыяй, бо realpolitik, на жаль, не бярэ да ўвагі гуманітарныя пытанні”.
“ Турцыя патрэбная ЗША і ЕС для вырашэння праблемы мігрантаў, Беларусь – для вырашэння праблемы Расіі”, – робіць выснову Мікалай Дзядок.
palitviazni.info