Алесь Бяляцкі прэзэнтаваў другую кнігу, напісаную ў калёніі

Праваабаронца і былы палітвязень Алесь Бяляцкі 22 ліпеня прэзэнтаваў у Менску “Іртутнае срэбра жыцьця”. Кніга эсэ была напісаная ў Бабруйскай калёніі ў 2012–2013 гадох.

У кнізе Алесь Бяляцкі распавядае аб падзеях, якія папярэднічалі ягонаму арышту, апісвае найбольш важныя і цікавыя моманты сваіх замежных паездак. Ілюстрацыямі да выданьня сталі фотаздымкі, якія праваабаронцы з ПЦ “Вясна” зьбіралі да 15-цігодзьдзя арганізацыі.

“Іртутнае срэбра жыцьця” складаецца з трох частак: эсэ, лісты-ўспаміны аб сустрэчах з замежнымі калегамі, адаптарам якіх выступіла Ірына Пракопчык, і апошняе слова Алеся Бяляцкага на судзе, якое ўкладальніца кнігі Алена Лапцёнак палічыла неабходным уключыць.

Укладальніца “Іртутнага срэбра жыцьця” паказала прысутным на прэзэнтацыі доўгія лісты, якія яна атрымлівала ад Алеся Віктаравіча, і распавяла, што спачатку набірала лісты на кампутары, пасьля дасылала іх Бяляцкаму на рэдактуру. Як пазьней адзначыў сам аўтар, у пэўным сэнсе ён удзячны турэмнай цэнзуры, бо ў тэксце стала менш словаў пра “крывавы рэжым” і “далоў дыктатуру”, а больш развагаў, сэнсаў, схаваных паміж радкамі.

На прэзэнтацыю кнігі сярод іншых былі запрошаныя былыя палітзьняволеныя, якія адзначылі, што турма ёсьць месцам, дзе думаецца і пішацца.

Павал Севярынец засьведчыў са свайго ўласнага досьведу, што людзі хочуць чытаць і хочуць ведаць, як можна застацца свабодным у турме. Зьміцер Дашкевіч дадаў, што ў турме хочацца пісаць, каб не марнаваць час, каб гады адсідкі не былі выкінутымі на сьметніцу жыцьця.

Былы палітвязень Алесь Бяляцкі высока ацаніў кнігі напісаныя ў зьняволельні Ўладзімерам Някляевым, Паўлам Севярынцам, Зьмітром Дашкевічам:

Дзякуй богу, што тыя мае сябры па няшчасьці, хто сядзеў раней, сядзеў разам са мной, і тыя, хто цяпер у турмах, што яны працягваюць пісаць. Усё, што напісана там [у турме – рэд.], мае грамадзкую і мастацкую каштоўнасьць, зьяўляецца памяткамі нашага жыцьця.

Прэзэнтацыя кнігі Алеся Бяляцкага “Іртутнае срэбра жыцьця” мелася адбыцца напрыканцы чэрвеня 2014 году, але здарылася радасная падзея – 21 чэрвеня Алесь Бяляцкі нечакана быў вызвалены з турмы, і прэзэнтацыя адбылася цяпер, з удзелам аўтара.

На заднім фарзацы кнігі “Іртутнае срэбра жыцьця” пазначана, што на момант выхаду кнігі яе аўтар адбывае пакараньне ў бабруйскай калёніі.

palitviazni.info, фота – Радыё Свабода

 

, , , - у навінах

 

Зьвязаныя навіны:

09.10.2020 Павел Севярынец адзначыў у СІЗА невялікі юбілей

28.09.2020 Зміцер Дашкевіч: На мяне паабяцалі скласці восем пратаколаў

09.09.2020 “На гвалт і катаванні быў загад”. Кіраўнік Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі прааналізаваў месяц, які пражыла краіна пасля выбараў

31.08.2020 Паўлу Севярынцу прад’яўлена абвінавачванне

05.08.2020 “Усё гэта мне нагадвае нейкае дэжавю…” Дзевяць гадоў таму быў арыштаваны кіраўнік Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі

22.07.2020 Уладзімір Някляеў: Сёння Павел Севярынец можа выйсці на волю, а заўтра ўсё можа быць інакш (дапоўнена)

22.07.2020 Зміцер Дашкевіч: Калі раней кандыдатаў у прэзідэнты саджалі ў турму ў дзень выбараў, то зараз за два месяцы да гэтага

17.07.2020 Вольга Севярынец: Да Паўла па-ранейшаму не пускаюць святара

10.06.2020 Вольга Севярынец: Перадачы на Акрэсціна забаранілі перадаваць

08.06.2020 Вольга Севярынец: Агулам Павел павінен адсядзець 45 сутак

Іншыя палітычныя вязьні