
Палітвязень Алесь Бяляцкі нечакана быў вызвалены 21 чэрвеня ў першы дзень амністыі. За кратамі ён правёў 2 гады, 10 месяцаў і 17 дзён.
Алесь Бяляцкі даведаўся пра сваё вызваленьне а 9-й раніцы ад начальніка Бабруйскай калёніі. Далей Алеся Віктаравіча чакаў аўтамабіль “хуткай дапамогі”, які давёз яго да вакзалі ў Бабруйску. Ужо ў электрацыі праваабаронца здолеў патэлефанаваць жонцы Натальлі Пінчук і паведаміць аб сваім вызваленьні.
Бяляцкі прыбыў ў 15:05 на станцыю “Інстытут культуры” ў Менску. Сустрэць яго сабралася багата сяброў, паплечнікаў, калегаў і журналістаў.
Рэдакцыя Palitviazni.info вітае на волі Алеся Бяляцкага, і чакае вызваленьня іншых палітвязьняў. Нагадаем, на дадзены момант за кратамі застаюцца 7 чалавек: Мікалай Статкевіч, Ігар Аліневіч, Эдуард Лобаў, Мікалай Дзядок, Яўген Васьковіч, Васіль Парфянкоў, Арцём Пракапенка.
Кіраўнік праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі быў асуджаны да 4,5 гадоў турмы. Яго прызналі вінаватым у нявыплаце падаткаў. Бяляцкі сваёй віны не прызнаў, бо грошы, атрыманыя на ягоныя рахункі, ішлі на праваабарончую дзейнасьць. Падставай для крымінальнага перасьледу Бяляцкага стала інфармацыя пра банкаўскія рахункі, якую перадалі афіцыйнаму Менску Літва і Польшча.
Palitviazni.info