Вольга, маці Зміцера…

Доўгі час, прызнаюся, я асабліва не цікавілася палітыкай. Хіба што, пачынаючы з першых прэзідэнцкіх выбараў у 1994 годзе, за галоўнага сённяшняга начальніка ніводнага разу не аддала свой голас. На вялікі сорам, не выпісвала я і “Народную Волю”. А сёння не ўяўляю, як жыла без яе. Аднойчы, два гады таму, я і прачытала на яе старонках аб заўчаснай смерці (25 красавіка 2011 года) Вольгі Васільеўны Дашкевіч — маці лідара зарэгістраванай у Чэхіі міжнароднай арганізацыі “Малады фронт” Зміцера Дашкевіча.
Аб Зміцеры я і раней чула, але не здагадвалася, што менавіта ён — сын маёй універсітэцкай сакурсніцы Вольгі. Што яна — маці таго самага хлопца, якога сёння ведае ўвесь свет як нязломнага змагара за дэмакратычную Беларусь і якога так баіцца ўлада, што хоча чым даўжэй трымаць за кратамі…

Аглушаная нечаканай трагічнай звесткай, я міжволі акунулася ў плынь успамінаў. І ўсё далёкае стала такім блізкім, нібыта было ўчора.

Калі мы былі маладыя

У канцы 70-х мы разам з Вольгай (дзявоцкае прозвішча яе — Шкала) паступілі на факультэт журналістыкі Белдзяржуніверсітэта, займаліся ў адной групе, жылі ў адным інтэрнацкім пакоі. Яна паўстае перад маімі вачыма быццам наяве — цёмнавалосая, з вабнай, ладнай фігурай і стройнымі ножкамі. То вясёлая, з заразліва-залівістым смехам, то сур’ёзная, з характэрнай звычкай паводзіць вуснамі, калі ў штосьці заглыблялася — у чытанне ці ва ўласныя думкі. Праз таўшчыню гадоў прабіваецца да мяне яе голас і праніклівы погляд вачэй. І няўтульна ад думкі, што яе ўжо няма на свеце, хоць ведаю: яна не знікла назаўжды.

У студэнцкім пакоі нас было чацвёра. Акрамя мяне і Вольгі Шкалы, яшчэ Вольга Новікава і Алачка Юшкевіч. Памятаю: нам, маладым тады дзяўчатам, хацелася быць моднымі, добра выглядаць. Натуральнае жаданне, ды магчымасцяў было малавата. Мінскі ГУМ быў забіты непрывабнай прадукцыяй, а калі ў канцы месяца “выкідваўся” дыхтоўны імпарт, то тут жа ўтвараліся безнадзейныя доўгахвостыя чэргі… Часам выручалі замежныя студэнты, што жылі ў нашым інтэрнаце. Прыязджалі з краін, як тады лічылася паводле савецкай прапаганды, глухіх і адсталых: Грэцыі, Емена, Алжыра і г.д. Але ў параўнанні з намі яны жылі куды лепш. Некаторыя да прыезду ў СССР былі аслеплены камуністычнымі ілюзіямі, ды тут, на радзіме сваёй ранейшай мары, развітваліся з міфамі і нават не хавалі свайго раздражнення ад нашага ладу жыцця. Асабліва іх заядаў нягеглы, бедны на паслугі быт. Цёмнаскурая студэнтка з Мадагаскара, помню, даверна казала нам, што, вярнуўшыся дамоў, будзе рабіць усё для таго, каб у яе краіне не было такога грамадскага ладу.

Улетку мы, беларускія студэнты, раз’язджаліся дадому па сваіх вёсках і гарадах. А нашы замежныя сябры падарожнічалі ў Рым, Парыж, прывозілі адтуль каштоўны імпарт. Што-кольвечы зрэдку даставалася і Вользе. Але не ў гэтым быў сакрэт таго, што і ў тыя гады дзяўчына ўмудралася прыгожа апранацца. У яе быў вытанчаны густ, і таму яна заўсёды, у любым адзенні, выглядала прывабна і элегантна. Хоць, наколькі я ведаю, зусім не зацыклівалася на гэтым. Знешняя прыгажосць і яркасць у яе спалучалася з гарманічнасцю натуры, багаццем і хараством унутранага свету. Шчырая і шчодрая, вельмі таварыская ў адносінах да іншых, яна, ні хвіліны не вагаючыся, магла дастаць з шафы і аддаць мне надоўга панасіць якую-небудзь сімпатычную рэч. Нічога нікому не шкадавала, усім дзялілася.

Воля была зазвычай вясёлай і жартаўлівай, любіла пасмяяцца, і гэта яшчэ больш дадавала ёй абаяльнасці. Засяроджаная, старанная, заглыбленая ў сябе — такой памятаю яе ва аўдыторыі, у бібліятэцы. На перапынках паміж лекцыямі яе галава заўсёды была схілена над падручнікамі і канспектамі. Гэта бачна і на студэнцкіх фатаграфіях.

…У верасні студэнты масава адпраўляліся ў калгасы наульбу. Аднойчы мы апынуліся ў адной з гаспадарак Віцебшчыны. Напэўна, у самым страшным сне Вольга не магла тады ўявіць, што праз гады і гады яе тады яшчэ не народжаны сынок, які стане вядомым усёй краіне як адважны маладзёжны актывіст Зміцер Дашкевіч, за свае дэмакратычныя перакананні будзе пакутаваць у вязніцы пэўны час блізу гэтых самых мясцін.

…Дык вось, па колькасці сабранай калгаснай бульбы з Вольгай Шкала зраўняцца не мог ніхто. Не паспее напоўніць адно вядро, як ужо нясе другое. Студэнты на вёсцы былі дармавой рабочай сілай.

Пасля нялёгкай працы ў прыстасаванай пад сталоўку драўлянай хаціне нас чакала вячэра, прыгатаваная сваімі ж паварамі-студэнтамі. Потым сталоўка дапазна ператваралася ў танцавальную залу. І мы — куды толькі знікала стома — танчылі і танчылі пад пласцінкі з песнямі ўзыходзячай тады зоркі Алы Пугачовай. І жыццё здавалася такім бесклапотным, радасным і бясконцым… Нас не бянтэжыла, што ў мясцовай краме, акрамя карамелі, кількі ды хлеба, не было чаго купіць. Затое ад падлогі да столі грувасціліся скрынкі з віном у 700-грамовых бутэльках-”фугасах”. Мы не звярталі на тое ўвагі. Жыццё, быццам хуткі цягнік, неслася ў невядомую далячынь…

Развеяныя ілюзіі

Тады ва ўніверсітэце мы яшчэ не прыступалі да вывучэння гісторыі КПСС, савецкай эканомікі і г.д., але аднойчы праслухалі запамінальную лекцыю мясцовага вальнадумца. Запрасіўшы да сябе ў сціплы домік, немалады інтэлігентны мужчына выдаў нам пра “вялікага Сталіна” і мінулую вайну такое, чаго мы не тое што і потым за ўсе гады вучобы ні ад аднаго выкладчыка не чулі, а яшчэ і доўга нідзе не маглі прачытаць. Гэта было зерне праўды, кінутае на глебу нашага замшэлага камуністычнага светапогляду. Зерне ляжала дзесьці ў глыбіні душы да пары да часу.

У тым жа мястэчку была вялікая, але закінутая, з пустымі аконнымі вачніцамі царква. Яе сіроцкі стан для нас, гадаванцаў савецкай адукацыі, а значыць, перакананых атэістаў і будучых праваднікоў палітыкі партыі, не ўяўляў ніякай цікавасці. Цяпер аб тым успрыняцці Боскага храма ўспамінаць сорамна, як і пра мясцовыя могілкі. Па чутках, на іх у XIX стагоддзі была пахавана знакамітая пецярбургская артыстка царскага двара, ураджэнка гэтых мясцін. Яе цынкавая труна была пастаўлена ў цагляным склепе. Магіла, відаць, ужо даўно была раскапана, у склепе зеўрала вялікая дзірка. Праз яе віднелася адчыненая труна, на дне якой ляжаў чэрап. Вандалы савецкіх часоў учынілі гэтае кашчунства з мэтай адабраць у нябожчыцы залатыя ўпрыгажэнні. Мабыць, ім гэта ўдалося, але наўрад ці здабыча з таго свету іх ашчаслівіла.

Могілкі — свяшчэннае месца, дзе спачываюць памерлыя да будучага ўваскрэсення. Пад крыжам семя, якое прарасце для вечнага жыцця ў Царстве Боскім. Цяпер ужо можна расстаўляць акцэнты. А тады сляпыя і глухія мы былі, хоць і лічылі сябе прылучанымі да навукі. Што сталася з той магілай цяпер? Хочацца верыць, што яна ўпарадкавана і дагледжана. Хаця… І зараз ля курапацкіх могілак некаторыя нелюдзі імкнуцца спяваць ды танцаваць. Гэта гаворыць аб тым, што ў духоўным плане наша грамадства апусцілася яшчэ ніжэй, чым у камуністычныя часы.

Усё болей, дзякуй Богу, выключэнняў з гэтага пачварнага правіла. Вольга з сынам Зміцерам, яго сябры — глыбокія вернікі-хрысціяне — таму пацвярджэнне.

Каханне і любоў

Што датычыць Вольгі, то не стану казаць, што была з ёю ў надта блізкім сяброўстве, як, скажам, Алачка Юшкевіч. Не ведала я асабліва яе душэўных тайн. Але была, як і ўсе, добра пасвечана ў гісторыю незвычайнага кахання Вольгі з Вячаславам Дашкевічам, вельмі прыемным, інтэлігентным чалавекам, старэйшым за сваю абранніцу дзесьці на паўтара дзясятка гадоў. У Вячаславе адчувалася яўная мужчынская самавітасць, надзейнасць, унутраная сур’ёзнасць. Гэта іх яднала, і наогул абое яны — Воля і Слава — глядзеліся прыгожай парай. А галоўнае, кахалі адзін аднаго па-сапраўднаму. І праз нейкі час узялі шлюб.

Пасля першага курса Вольга перавялася на завочнае аддзяленне і разам з мужам паехала на Далёкі Усход. Значны час яны працавалі ў Магаданскай вобласці па сваёй журналісцкай лініі.

Далей нашы шляхі не перасякаліся. Неяк да мяне дайшла навіна пра Вольгу, што яны з мужам пасля вяртання ў Беларусь працуюць у Старых Дарогах.

Воля, Волечка! Хіба магла я тады падумаць, што ты заўчасна пакінеш гэты свет? Дзе ты цяпер, у якіх неабсяжных прасторах лётаеш, птаха паднябесная, легкакрылая? Ці бачыш ты з гэтай вышыні сваё адзінае дзіця-птушанё, кінутае ў страшную клетку? Ці адчуваеш, з якой мужнай годнасцю нясе ён свой цяжкі крыж за нескаронасць духу і чалавечага гонару? Ці ведаеш, як сумуе па вас абаіх твой верны, любы муж і бацька сына Вячаслаў?

…Даведаўшыся, што Зміцер Дашкевіч — сын Вольгі, я адусюль лавіла аб ім кожную вестачку. Упершыню, глянуўшы на Зміцерава фота, была ўражана: як жа падобны ён адначасна і на маці, і на бацьку! Малады прыгожы твар, ад якога ідзе святло чысціні, высакародства, цвёрдасці духу. Адкрыты, спакойны позірк вачэй. А вакол — жудасныя пруты кратаў, якімі адгароджана ад свету гэтая жывая чалавечая прыгажосць. Думаю, тое фота абляцела ўвесь свет і закранула не адно сэрца, асабліва мацярынскае.

А ёй самой з якім болем у сэрцы давялося цягам дзясятка гадоў пераносіць не адзінкавыя сынавы арышты, пераследы, ператрусы, запалохванні, пагрозы, нават збіццё і несправядлівыя судовыя прысуды! За што? Па крымінальным кодэксе — не за крадзеж ці замах на чыёсьці жыццё. А насамрэч — за шчырую любоў да Радзімы, за гарачае жаданне яе нацыянальнага, палітычнага і эканамічнага адраджэння. У рэшце рэшт за “крамольнае” нашэнне майкі з дэвізамі “Люблю Беларусь”, “Жыве Беларусь!”.

Вольга казала “Люблю!” Беларусі і сыну, “кахаю” — мужу…

Такім ён вырас

Так, уся бяда яе сына — у светлым розуме, у высокіх маральных ідэалах, у мужнасці і смеласці ў іх адстойванні, у непрыняцці зла і хлусні — ва ўсім, што складае яго актыўную грамадзянскую пазіцыю.

Яна асабліва выявілася, калі Зміцер Дашкевіч далучыўся да незарэгістраванай у Беларусі міжнароднай арганізацыі “Малады фронт” і затым узначаліў яе, паказаў сябе выдатным арганізатарам і палітыкам. Пры ім шэрагі маладафронтаўцаў значна павялічыліся, пашырылася поле іх дзейнасці, звязанай з высокімі мэтамі, а таму часам і небяспечнай. Зрэшты, небяспекай для свайго існавання ўспрымалі і ўспрымаюць дзейнасць патрыётаў якраз тыя, хто любіць Беларусь хутчэй на словах…

Менавіта за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі на Зміцера Дашкевіча, як і некалькіх яе іншых сябраў, яшчэ ў 2006 годзе была заведзена крымінальная справа. Ён атрымаў два гады зняволення, якія для Вольгі здаліся вечнасцю. Колькі яна перажыла, чакаючы сына з турмы! Урэшце — радасная сустрэча Зміцера з маці, бацькам, сябрамі. Але ж актыўны арганізатар і ўдзельнік масавых дэмакцый увесь час знаходзіўся пад пільным вокам улад, перад важнымі палітычнымі падзеямі ў краіне яго не раз спрабавалі “зачысціць”, прэвентыўна затрымаць і асудзіць да адміністрацыйнага арышту.

Вядома, што ўсяго за дзень да чарговых прэзідэнцкіх выбараў (прызначаных на 19 снежня 2010 года) яму, відаць, падрыхтавалі горшы сцэнарый. Зміцер Дашкевіч і яго паплечнік Эдуард Лобаў былі затрыманы па абвінавачванні… у збіцці нейкіх грамадзян у двары жылога дома… Быццам яму, добра выхаванаму хлопцу з прыстойнай сям’і, глыбока веруючаму чалавеку, які ўвесь час знаходзіўся “пад прыцэлам” чэкістаў, не было больш чаго рабіць, як толькі без дай прычыны збіваць нейкіх там, пэўна, падсадных “качараў”. Недарэчнасць і надуманасць арышту была бачна і непрафесійнаму воку.

У выніку “правасуддзя” Зміцер атрымаў аж два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму і 24 сакавіка 2011 года быў накіраваны ў ПК-13 г.Глыбокае Віцебскай вобласці, дзе калісьці яго мама так ударна працавала на ўборцы другога хлеба…

Уяўляю, колькі слёз пралілі яе вочы, колькі непрыступных кабінетаў абабілі яе ногі, колькі невыносна-пякучага болю зведала няўцешнае мацярынскае сэрца. Яно, ужо немаладое, не вытрымала гэтага ціску несправядлівасці: жорсткасці сістэмы, якая крэмзала нізавошта лёсы, жыцці цудоўных маладзёнаў, якімі варта ганарыцца. Яе падарванае сэрца перастала біцца праз месяц пасля ракавога прысуду сыну — 25 красавіка 2011 года. Вользе было тады толькі 54 гады…

Для яе, маёй даўняй сакурсніцы, ужо мінулі жыцейскія буры, зямныя пакуты і радасці. Але… калі б Вольга была жывая і мы сустрэліся наяве, сказала б ёй: “Воля, якога сына, якога сапраўднага чалавека ты нарадзіла! Дзякуй табе за Зміцера. Дзякуй за хлопца, які свеціць нам і ўсяляе надзею на лепшае будучае для нас і нашых дзяцей. Разам з мужам Вячаславам Уладзіміравічам вы ўзгадавалі не нейкага хлюпіка, не марнатраўца жыцця, не пустэльгу, а годнага, мужнага чалавека з моцным унутраным стрыжнем і дабрадзейнымі жыццёвымі ўстаноўкамі”.

З майго сэрца ідзе шмат цёплых слоў на адрас Зміцера Дашкевіча, але баюся, каб яны не здаліся яму занадта гучнымі і пафаснымі.

Дзякуй вам, нязломныя!

Балюча бачыць, што многія, зараз цалкам паглынутыя матэрыяльнымі інтарэсамі, забываюцца, да чаго абавязвае высокае званне чалавека. А яно падразумявае духоўныя ідэалы, якія чалавек закліканы ўвасабляць у жыццё і самааддана адстойваць. Калі спатрэбіцца, то і ахвяраваць сабой у імя сваёй веры і перакананняў. Мы страчваем адчуванне далучанасці да жыцця краіны, ператвараемся ў пасіўных і раўнадушных назіральнікаў, дазваляем запалохваць сябе, падманваць. Такія, як Зміцер, не могуць змірыцца з гэтым і свядома нясуць свае пакуты дзеля будучыні Бацькаўшчыны.

Яшчэ ў 2006 годзе на просьбу бацькі не вяртацца з замежнай паездкі, бо над сынам вісела пагроза арышту, Зміцер без ваганняў адказаў: “Я свой шлях выбраў самастойна і прайду яго да канца, чаго б мне гэта ні каштавала…” Ён верны свайму слову. Вернасць — вось што родніць Зміцера, як і многіх ягоных таварышаў, з іх бацькамі не толькі па крыві, а і па духу. У гэтым іх сіла і нязломнасць.

Так, дзякуючы гэтаму мужнаму юнаку і іншым вязням сумлення, яшчэ не цалкам паглынула нас набрынялая слязьмі шэрая хмара над зямлёй. А значыць — жыве Беларусь! Дзякуй за гэта, Дзіма, дзякуйце, маці змагара незабыўная Вольга і ягоны бацька Вячаслаў!

…Маці Дзімы ўжо, на вялікі жаль, няма. Але ў яго, на шчасце, ёсць любячы бацька, ёсць каханая — нядаўняя нявеста, а цяпер ужо жонка Наста Палажанка, адданая і такая ж мужная, як ён. І яна за сваю грамадскую актыўнасць паспытала камеру СІЗА КДБ, але засталася ранейшай — пяшчотнай і непахіснай. І прыехала да яго ў турму, каб пабрацца шлюбам. Мне здаецца, Наста — цяпер ужо Дашкевіч па прозвішчы — нават знешне падобная на Вольгу, маці яе каханага мужа. Шчасця вам і здароўя, дарагія мае, і хутчэйшай сустрэчы на волі, доўгачаканай сустрэчы з сям’ёй і сябрамі!

Зычу ўсім вязням сумлення і іх сем’ям Боскай дапамогі, вялікага цярпення, мужнасці ў пераадоленні ўсіх нягод, надзеі на хутчэйшае вяртанне дамоў. Нізкі паклон вам усім да самай зямлі!

Людміла РУЦІЧ.

г.Івацэвічы.

nv-online.info

- у навінах

 

Зьвязаныя навіны:

24.12.2020 Зміцер Дашкевіч: Я натхніўся, што трэба і далей асвятляць палітвязняў лістамі з волі

28.09.2020 Зміцер Дашкевіч: На мяне паабяцалі скласці восем пратаколаў

22.07.2020 Зміцер Дашкевіч: Калі раней кандыдатаў у прэзідэнты саджалі ў турму ў дзень выбараў, то зараз за два месяцы да гэтага

12.11.2019 Зміцер Дашкевіч: Людзі павінны ўмець карыстацца зброяй

24.10.2019 Зміцер Дашкевіч: Правакатару, які распыліў пярцовы газ абаронцу Курапат, далі толькі штраф…

15.10.2019 Зміцер Дашкевіч: Рэклама гэтаму мерапрыемству не патрэбна

23.07.2019 Зміцер Дашкевіч: Гэта быў адзіны выразна палітычны артыкул у Крымінальным кодэксе

11.06.2019 Зміцер Дашкевіч: Ад змены складнікаў у рэпрэсіўным беларускім апараце нічога не зменіцца

27.03.2019 Зміцер Дашкевіч: У ізалятары сядзеў, як у прыбіральні…

26.03.2019 Мікола Статкевіч: Арышты выбітных музыкаў – красамоўныя сведчанні пра канец нават уяўнай “лібералізацыі”

Іншыя палітычныя вязьні

  • Віталь Рымашэўскі
  • Алесь Круткін
  • Зьміцер Хведарук
  • Віталь Мацукевіч