Вячаслаў Дашкевіч: Жыві сын! Жыві верай!

Цяжар палітычных рэпрэсій у поўнай меры кладзецца не толькі на саміх рэпрэсаваных, але і на іх блізкіх. Бацька лідара “Маладога Фронту” Змітра Дашкевіча, Вячаслаў Уладзіміравіч, жыве ў Старых Дарогах. Яму ўжо за 70. Жонка памерла паўтара года таму. Ёй было толькі 53 гады – не вытрымала сэрца.

Вячаслаў Дашкевіч зараз цяжка хварэе, але змагаецца з хваробай, каб дачакацца сына. Ён распавёў пра сваё жыццё і надзеі ў размове з журналістам “Радыё Рацыі”

РР: Як Вы адчуваеце, хутка закончацца пакуты вашага сына?

Вячаслаў Уладзіміравіч: Хацелася б у гэтае верыць. Але, на жаль, сітуацыя пакуль не такая. Усе, хто не згодны, усіх ціснуць. Усе павінны гаварыць: “Ура!” і “Дзякуй!”. А ён думае па-іншаму. У нас гэтага не цэняць і ўвогуле ніколі не цанілі.

РР: Якая зараз сітуацыя з Вашым сынам, што Вы пра гэта ведаеце?

Вячаслаў Уладзіміравіч: Яго нявеста Наста тэлефанавала, казала, што ён у гродзенскай турме. Вядома, усялякая турма – гэта турма. Там сядзелі быццам бы яшчэ паўстанцы Кастуся Каліноўскага. Быццам зараз яму лягчэй, чым у апошнія дні ў Мозыры.

РР: Вось Вы далёка зараз ад сына. У свеце ведаюць, што ёсць такі палітзняволены Зміцер Дашкевіч. А ці ведаюць пра гэта ў Старых Дарогах? Як людзі да гэтага ставяцца?

Вячаслаў Уладзіміравіч: Людзі нярэдка спачуваюць, захапляюцца, бывае па-рознаму. Бываюць выпадкі, на радасць не адзінкавыя, калі зусім незнаёмыя людзі пазнаюць мяне (мы вельмі падобныя). Адзін незнаёмы мне чалавек, спаткаўшы мяне ў магазіне, сказаў, што помнік Зміцеру пры жыцці трэба паставіць. Гэта герой! Але Бог усяму суддзя. Нават з Навасібірска атрымаў пісьмо ад жанчыны, якая праз Інтэнэт даведалася, што Зміцеру дасылаюць віншаванні з 30-годдзем. З таго дня пачалося іх ліставанне. Яна захапляецца ім і дзякуе мне за сына. Але мая заслуга тут мінімальная. Можа хіба нейкія нашыя з жонкай гены перадаліся. А так Бог яго павёў, толькі Бог!

РР: Вы сказалі, што характар у Зміцера ад Вас. Як вы сябе ў жыцці гартавалі?

Вячаслаў Уладзіміравіч: У 1979 годзе я працаваў на Калыме загадчыкам эканамічнага аддзела Ягаднінскай раённай газеты “Северная правда”. Я асмеліўся тады пакрытыкаваць газету “Правда”. Гэта было штосьці неверагоднае! Яны надрукавалі здымкі пад рубрыкай “Там, дзе правіць капітал”. Гэта былі здымкі негра, які мяце вуліцу, і жанчыны, што корпаецца ў сметніку. Былі і адпаведныя подпісы. Мяне гэта абурыла і я напісаў у “Праўду”: “Няўжо ў нас кожны дворнік мае рахунак у банку? Ці нельга знайсці ў нашай краіне чалавека, які нешта шукае ў сметніку? Ваша газета ідзе на ўвесь свет. Чаму вы сябе так зневажаеце? Чаму я ў вас магу навучыцца?” А сам думаю, што зараз са мной будзе? Праз месяц атрымаў адказ: “ Вашы каштоўныя заўвагі будуць улічаны ў нашай далейшай працы”.

РР: Калі здараліся бясконцыя затрыманні і арышты Змітра, Вам жа таксама “даставалася” ад спецслужбаў? Вы ж таксама адчулі іх ціск?

Вячаслаў Уладзіміравіч: Яшчэ які! Некалькі разоў урываліся з камерай і пачыналі ўсё здымаць. І пра ўсё распытвалі. Было гэта для мяне настолькі дзікім. Я напісаў пракурору пратэст. Фільм жа пасля быў па БТ па гэтаму ўрыўку, хацелі скампраметаваць сям’ю Змітра. Там суцэльная хлусня.

РР: Чаго б Вы маглі пажадаць Змітру, калі б сустрэліся з ім зараз?

Вячаслаў Уладзіміравіч: Не ведаю. Дужа складанае пытанне. Жыві сын, жыві! Жыві верай. Вера – гэта велізарная сіла.

Па словах Вячаслава Дашкевіча, моц духу яго сына дапамагае вытрымліваць выпрабаванні. “Ён мне зараз больш дапамагае, чым я яму”, – такімі словамі завяршыў размову бацька.

Зміцер Дашкевіч у сакавіку 2011 году асуджаны па сфабрыкаванай справе аб хуліганстве на 2 гады зняволення. У месцах пазбаўлення волі быў падвергнуты моцнаму ціску. У калоніі №13 гораду Глыбокае супраць яго узбудзілі новую крымінальную справу за непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі. Ён быў зноў асуджана на 1 год зняволенння. У Мазырскай калоніі адразу пасля пераводу на яго пачаўся ціск і змяшчэнні ў штрафны ізалятар. Дашкевіча абвясцілі злосным парушальнікам рэжыму. Новы суд пастанавіў змяніць від пакарання на больш жорсткі. 7-га лістапада палітзняволенага перавялі ў турму строгага рэжыму ў горадзе Гродна.

racyja.eu

Іншыя палітычныя вязьні