Галіна Сіўчык: “Жанчыны прыходзяць да змагання праз пакуты сваіх дзяцей…”

Працяг гутаркі з Галінай Сіўчык — маці палітычных вязьняў Вячаслава Сіўчыка і Кастуся Лукашова. 

— Я памятаю сябе, той шок, калі Славу арыштавалі. Я нават не магла даць інтэрв’ю. Вось журналіст мне мікрафон дае, а я не знаходжу словаў… Кажу:  вось тут мой сын нарадзіўся (непадалёк ад нас — раддом на Валадарскага). Ён такі быў прыгожы… Не думала, што нарадзіла яго на такія пакуты…

І ўвогуле, тады чаму быў шок? Таму, што я не магла зразумець: як інтэлігентны, разумны, прыстойны чалавек можа трапіць у вязьніцу? І можа, яшчэ таму, што звычайна лічылася: калі ў турме чалавек, то ён быццам бы не нашага кола. Ну, гэта нядобрае, канешне, адчуванне было, мы ўсе Божыя людзі…

— Некалі ж, пасьля сталінскіх часоў, усе разумелі, што сядзела палова краіны…

— Правільна, але гэта іншае. Мы ўжо жылі пасьля “адлігі”,  у нас не было “палітычных”, прынамсі, мы не ведалі пра іх. Ну вось вызвалілі Салжаніцына… Але каб проста так пасадзіць – гэта ўжо было немагчыма ў 90-я гады, прыйшла дэмакратыя. І раптам ізноў арышты па палітычных матывах. І кожная тое маці губляецца, не ведае, ні куды, ні што…

Слава часта мне тэлефанаваў, кажучы, што маці таго ці іншага палітвязьня зараз перадачу перадае, прасіў схадзіць дапамагчы. Дарэчы, Слава вельмі шмат займаўся правабарончай дзейнасьцю, менавіта па дапамозе людзям і іх падтрымцы. Я жыву побач з СІЗА, і я прыходзіла, падказвала, што яшчэ можна дадаць у перадачу – то шакалад, то нешта яшчэ. Бывала, зьбегаем, дакупім. Памятаю, як прывяла Таццяну Кім у гэтую кватэру, за гэты стол, і гавару: “Пішы ліст”. Яна: “О, я не магу…”. І я ёй надыктавала недзе чатыры старонкі… Я сама вельмі не люблю пісаць. Вось зараз не лістуюся ні з кім, таму што я — чалавек эмацыйны.

— Вы баіцеся напісаць нешта “не тое” для цэнзуры?

— Не. Таму, што я ўспамінаю той час, калі сядзеў Косьця, напрыклад. Я ўспамінаю той час, калі сядзеў Слава. І я зноў акунаюся ў тое мінулае, якое пачынае балець мацней… Відаць, памяць нейкія блокі выстаўляе, каб не думаць пра благое. А тут…

— Гэта, напэўна, абарончая рэацыя?

— Абарончая, так. Мне вельмі цяжка… Тэлеграмы я пасылаю, паштоўкі, а вось сесьці ды напісаць ліст – не магу. Я моцна засмучаюся, і тут жа пачынаюцца перабоі са здароўем. Я ведаю, што я не магу сабе дазволіць гэтага.

— Такім чынам, вы жывяцё за рогам ад Валадаркі, і як маці двух палітвязняў усё гэта перажылі. Атрымліваецца, што міма вашай кватэры, паўз вас, ідзе шлях і гэтых няшчасных маці цяперашніх вязьняў…

— Ведаеце, як сказаць. Я нават не скажу, што гэтыя маці — няшчасныя. Яны могуць ганарыцца сваімі дзеткамі, па-першае. Па-другое, вось вы не ўяўляеце, нават на маіх вачах адбываюцца такія трансфармацыі! Гэтыя жанчыны, далёкія ад палітыкі і вулічных акцый, становяцца такімі змагаркамі!

Я памятаю, як сюды прыйшла Ірачка Казуліна. Вось вы не ўяўляеце… Яна была такая разгубленая. Яна ўзяла блакноцік і там запісвала, што можна зрабіць. Яна была таксама бездапаможнай, як і я ў свой час. Таму што ўсё гэта гора – яно проста… шакуе. Калі ты ведаеш, што чалавек — не вінаваты.

І потым, наколькі гэтыя жанчыны вырастаюць! Яны становяцца палітыкамі, яны ўвогуле раскрываюцца! У мяне нават думкі былі, што, можа, гэтага Бог хоча… Я вельмі ўдзячна, што я пазнаёмілася з маці Аліневіча, маці Дзімы Буланава, Мірзаянава, гэта такія яркія людзі! І вось такое адчуванне: можа, сапраўды, Бог хоча, каб мы ядналіся? І можна яднацца хоць вось такім чынам, праз бяду агульную? Вось насупраць мяне жыве Ала Уладзіміраўна Саннікава, я яе ніколі не ведала. Хаця добра ведала Ірыну Халіп. Нас зводзіць гэтая бяда.

Тут таксама ёсць пра што падумаць… Успамінаю Лабковіча, вы ж памятаеце: 16-гадовае дзіцятка Вадзім Лабковіч. Мама Ядвіга… Божа! Яна са сцягам сына ішла на акцыі… Гэта не перадаць! Гэта такія людзі!..

Альбо Таісія Кабанчук. Таксама, як і я некалі, была такая бездапаможная… А зараз глядзіце, які яна палітычны дзяяч! Альбо Таня Севярынец…

Здаецца, што жанчыны заўсёды былі змагаркамі, якія прывялі дазмагання і сваіх дзяцей. Не: многія прыйшлі да змагання праз дзяцей, праз іхнія пакуты.

— Галіна Васільеўна, а ніколі не было думкі стварыць адзіную арганізацыю ўсіх сваякоў рэпрэсаваных? Я ведаю, што іх існуе некалькі, нават пасьля апошняй Плошчы ўзьнікла асобная арганізацыя.

— Ну так — “Вызваленне”, яны якраз малайцы. Але ж я думаю, што ў нашай краіне зарэгістраваць гэткую арганізацыю абсалютна немагчыма. А “падстаўляць” жанчын, якія і так неабароненыя, пад дзеянні ад імя незарэгістраванай арганізацыі, ведаючы, што гэта — артыкул… Гэта проста ініцыятыўная група з маці і жонак тых, каго пераследуе рэжым. Мы ж нідзе не просім ні гранты, ні дапамогі, але што можам, адна адной дапамагаем. Гэта так.

— А не крыўдна, што прыйшлося некаторыя рэчы замаўчаць некалі пра Плошчу-2006, арганізаваную вашым сынам?

— Мне — не крыўдна.

— Альбо гэта добра, таму што інакш маглі і тады пасадзіць людзей на гады тры?

— Гэта таму, што сродкі масавай інфармацыі вельмі добра кантралююцца спецслужбамі. Я тады таксама баялася. Калі Славу выкралі быццам бы амерыканцы, і ў мяне спыталіся, а чаму менавіта Славу, я таксама тады пабаялася сказаць, што Слава арганізаваў гэтую Плошчу…

Дарэчы, калі быў сход інтэлігенцыі, і прыехаў Пуцін, Слава прыйшоў і сказаў: “Хто пойдзе перакрываць прасьпект?” Вы думаеце, хоць адзін інтэлігент наш падняўся? Не. Пайшлі жанчыны… У адной спыталі, які плакат ці расьцяжку яна несла. Яна і кажа: “Я нават не чытала. Раз Вячаслаў даў – значыць, там усё добра”. Нават і тады падняўся адзін палітык, сказаўшы, што трэба спыніць Сіўчыка. Чаму спыніць? Вось скажыце! Чаму не пайсці ды разам не стаць? Расьцяжка была пра тое, што Пуцін мусіць прасіць прабачэння ў беларускага народа за заяву пра “шэсьць губерній”. Але ж вось тады не падтрымала наша інтэлігенцыя… Мне здаецца, мы таму так і жывем, што наша інтэлігенцыя мала робіць, яна проста жыве для сябе. Няма такіх “будзіцеляў”, як у Чэхіі. У нас шмат разумных пісьменнікаў, паэтаў, але усе, як хутаране: кожны ў сваім засьценку і не выходзіць, не б’е ў набат. А біць у набат — якраз тое, што павінна рабіць інтэлігенцыя.

Іншыя палітычныя вязьні

  • Мікола Статкевіч
  • Андрэй Гайдукоў
  • Міхась Крываў
  • Максім Дашук