Вячаслаў Сіўчык: Палітвязні заўсёды адыгрывалі важную ролю ў палітычным жыцці Беларусі

1_sivАдзін з актывістаў беларускай апазіцыі, лідар руху салідарнасці “Разам” Вячаслаў Сіўчык, які апошнія гады быў у эміграцыі ва Украіне, а зараз вярнуўся дадому, распавядае пра акцыі ў дзень памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій і ролю сёняшніх палітвязняў у беларускай гісторыі.

Нагадаем, Вячаслаў Сіўчык з’ехаў у Кіеў пасля выбараў 2010 года. Ва Украіне ён удзельнічаў у акцыях салідарнасці з беларускімі палітвязнямі і ў Еўрамайдане. Пасля вярнуўся ў Беларусь.

Днямі былы палітвязень Мікалай Статкевіч паведаміў аб планах правесці 29 кастрычніка ў Мінску мемарыяльную акцыю ў памяць пра дзеячаў культуры, якія былі расстраляныя ў 1937 годзе. Вячаслаў Сіўчык кажа, што іх рух таксама далучыцца да гэтага мерапрыемства:

— Яшчэ некалькі гадоў таму была прапанова беларускай грамадскасці, каб 29 кастрычніка зрабіць Днём памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій, – распавядае ён. – Таму рух салідарнасці “Разам” у гэты дзень традыцыйна ладзіць аб’езд тых месцаў злачынстваў у Мінску, дзе страшная сістэма ЧК, ГПУ, НКВД знішчала нашых людзей. Традыцыйна наведаем не толькі Курапаты (там акцыя пачнецца а 17 гадзіне), але і Кальварыю, і Лошыцу, і магілу Янкі Купалы… Ускладзем кветкі, запалім знічкі, каб прыгадаць ахвяры жахлівага XX стагоддзя. І, натуральна, наш рух падтрымлівае заклік Мікалая Статкевіча да правядзення акцыі ля будынка КДБ. Мы, дарэчы, напэўна, адзіная краіна на пастсавецкай прасторы, дзе захавалася старая абрэвіятура гэтага страшнага ведамства. Хацеў бы яшчэ дадаць, што акцыі будуць адбывацца не толькі ў сталіцы, але і ў іншых гарадах Беларусі.

– На ваш погляд, ці можна чакаць з боку ўладаў нейкіх рэпрэсій да ўдзельнікаў акцыі?

– Цяжка сказаць, але хачу адзначыць іншае: вельмі кепска, што Беларусь, якая знаходзіцца ў цэнтры Еўропы, за апошнія 20 гадоў таксама сутыкнулася з жахлівымі палітычнымі рэпрэсіямі.

– Палітвязні, якія выйшлі на волю, даволі актыўна ўключыліся ў грамадскае і палітычнае жыццё…

– Гэта цалкам нармальная сітуацыя, і такое характэрна не толькі для Беларусі. Я хацеў бы нагадаць, што за апошнія 30 гадоў ва Усходняй Еўропе некаторыяпрэзідэнты, якія абіраліся пасля змены ўлады, раней былі палітвязнямі. А, калі браць парламенты, якія фарміраваліся пасля дэмакратычных пераменаў, то там наогул была значная колькасць палітзняволеных. Вазьміце, напрыклад, суседнюю Украіну. Таму ідуць нармальныя працэсы, а Беларусь – адна з краін Усходняй Еўропы. Палітвязні заўсёды адыгрывалі важную ролю ў палітычным жыцці Беларусі.

– Але ўлады не прызнаюць наяўнасць у краіне палітвязняў. Ці не так?

– Можа і не прызнаюць, але ж вызвалілі гэтых людзей менавіта, як палітвязняў.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Алег Волчак
  • Анатоль Лябедзька
  • Зьміцер Хведарук