“Гэта помста сыну…”

1_siv19 красавіка ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска разглядалася адміністрацыйная справа лідара руху салідарнасці “Разам” Вячаслава Сіўчыка, які ў мінулым годзе вярнуўся ў Беларусь з палітычнай эміграцыі.
Яго вінавацілі ў дробным хуліганстве (арт.17.1 КаАП) і непадпарадкаванні патрабаванням супрацоўнікам міліцыі (арт. 23.4. КаАП).
“Мяркую, што гэта помста сыну”, – распавяла сайту palitviazni.info маці палітыка – Галіна Васільеўна Сіўчык.

Са слоў блізкіх Вячаслава Сіўчыка, пры затрыманні яго збілі. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, апошні раз актывістаў затрымлівалі з прымяненнем фізічнай сілы сёлета ў студзені.

“Апошнім часам супрацоўнікі міліцыі актывістаў фізічна проста баяліся затрымліваць: пратаколы складаліся на месцы, у міліцыі затрымлівалі максімум на гадзіну, — адзначыла журналістам праваабаронца Наста Лойка. — Зараз жа ў РУУС Сіўчык знаходзіўся працяглы час, затрымалі яго ноччу, для Мінска за апошнія паўгода гэта неардынарны выпадак”.

Пасля вяртання з палітычнай эміграцыі Вячаслаў Сіўчык актыўна ўключыўся ў палітычнае жыццё Беларусі. Удзельнічаў у акцыях пратэсту і мітынгах, за што неаднаразова па рашэнні судоў атрымліваў штрафы.

“Я наогул не разумею, за што нас судзілі! – абураўся палітык. – У якой краіне можа быць такое, што быццам бы адбываюцца выбары, а людзям забаронена абмяркоўваць гэтае пытанне? Ні ў якае заканадаўства гэта не ўкладаецца”.

Пра суд Цэнтральнага раёна Мінска Вячаслаў Сіўчык таксама выказваўся з асаблівай “цеплынёй”: “Першы палітычны судовы працэс адбыўся менавіта ў судзе Цэнтральнага раёну сталіцы, калі быў страйк метрапалітэнаўцаў. Гэта быў далёкі жнівень 1995 году. Тады былі незаконна асуджаны тры лідары страйку і пасля гэтага ў тым судзе каго толькі не судзілі. Я баюся называць лічбу, колькі разоў там мяне судзілі. І якіх там толькі анекдотаў не было. Таму мяне заўсёды здзіўляюць людзі, якія думаюць, што ў краіне ў бліжэйшай будучыні нешта моцна зменіцца”.

Судовае пасяджэнне 19 красавіка было папярэдне запланавана на 11.00, але прывезлі спадара Сіўчыка ў суд на чатыры гадзіны пазней, і ён адразу ж назваў сваё затрыманне “палітычна матываваным”.

У выніку міліцыянеры ў судзе не змаглі патлумачыць прычыны затрымання Сіўчыка ў пад’ездзе. Па рашэнні суддзі, пратаколы аб правапарушэнні будуць вернутыя ў РУУС на дапрацоўку, паколькі час і месца здзяйснення правапарушэння не адпавядаюць пратаколу затрымання.

“Наколькі вядома, сына доўга вазілі па горадзе, чамусьці не хацелі адпраўляць у суд, – кажа Галіна Васільеўна. – Як быццам проста здзекваліся. Пры гэтым жонка Вячаслава распавядала, што сачылі за ім ужо прыкладна тыдзень. Гэта помства сыну за падзеі 2006 году, за тое, не аплочвае штрафы… Помста за тое, што ён ёсць”.
palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Яўген Скочка
  • Алег Федаркевіч
  • Андрэй Абозаў
  • Яўген Васьковіч
  • Алесь Кіркевіч