Вячаслаў Сіўчык: Рэпрэсіі ўзмацніліся…

siv-2Актывіст апазіцыі і лідар руху салідарнасці “Разам” Вячаслаў Сіўчык распавёў сайту palitviazni.info, як яго затрымлівалі і судзілі, а таксама пра тое, чаму беларуская ўлада раз-пораз запускае рэпрэсіўную машыну.

“Увогуле, за тыя сем месяцаў, што я правёў у Беларусі пасля вяртання з палітычнай эміграцыі, мяне “прэсуюць” рэгулярна, – кажа палітык. – Назіраю за сабой асабліва пільную “ўвагу”, хаця і не разумею, чаму так адбываецца. Акрамя пратаколаў, якія на мяне складаюцца за ўдзел у вулічных акцыях, і, якія я лічу абсалютна незаконнымі, апошняя гісторыя з затрыманнем – ужо чацвёртая за апошнія сем месяцаў…”

Як ужо паведамлялася, суд Цэнтральнага раёна Мінска 19 красавіка вярнуў на дапрацоўку пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні, складзеныя ў дачыненні да актывіста апазіцыі і лідара руху салідарнасці “Разам” Вячаслава Сіўчыка.

Палітык быў затрыманы міліцыяй у тры гадзіны ночы 19 красавіка. Яго абвінавачвалі ў дробным хуліганстве і непадпарадкаванні патрабаванням міліцыі (арт. 17.1 і 23.4 КоАП).

Перад пачаткам суда Сіўчык паведаміў БелаПАН, што ўначы вяртаўся дадому, аднак супрацоўнікі міліцыі сілай выцягнулі яго ўжо з пад’езда і адвезлі ў Цэнтральнае РУУС. Сіўчык прасядзеў у камеры да 14 гадзін, пасля чаго яго павезлі ў суд.

Нагадаем, у верасні 2015 года Сіўчык вярнуўся ў Беларусь пасля некалькіх гадоў эміграцыі. Ён вымушаны быў з’ехаць з краіны пасля падзеяў 19 снежня 2010 года, баючыся пераследу. Знаходзячыся ў эміграцыі, у 2012 годзе ён зарэгістраваў у Чэхіі міжнароднае грамадскае аб’яднанне “Рух салідарнасці “Разам”. Дзейнасць аб’яднання была накіраваная на падтрымку дэмакратыі ў Беларусі і Украіне. Цяпер рух у Беларусі дзейнічае ў статусе аргкамітэта.

– Вашу справу адправілі на дапрацоўку. Лічыце гэта невялікай перамогай?

– Якая тут перамога? Ужо на наступны дзень, 20 красавіка, міліцыянты ізноў прыйшлі да мяне дадому ў 7.20 гадзін раніцы і нечага хацелі. Натуральна, у кватэру іх ніхто не пусціў. Засумавалі, відаць, даўно не бачылі.

– З якой нагоды заходзілі?

– Каб уручыць нейкую позву альбо дакументы. Ім, мабыць, на гэта часу не хапіла, калі я з трох гадзін ночы і да 14.00 знаходзіўся ў міліцыі. Альбо ў судзе не змаглі гэтае зрабіць…

Дарэчы, 20 красавіка адбылося яшчэ некалькі важных падзей. Па-першае, у намесніка кіраўніка руху салідарнасці “Разам” і прадпрымальніка Алеся Макаева канфіскавалі тавару на 47 мільёнаў рублёў, што, на мой погляд, таксама ніякім чынам не ўпісваецца ў беларускае заканадаўства…

Па інфармацыі Радыё Свабода, судовыя выканаўцы Савецкага раёна канфіскавалі маёмасць прадпрымальніка і грамадзянскага актывіста Алеся Макаева, які не сплаціў штрафы, што яму прысудзілі за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях, і мае запазычанасць перад рынкам «Ракаўскі кірмаш» за няплату арэнды.

Як распавёў Алесь Макаеў, гэты тавар (у асноўным сантэхніка) быў арыштаваны адміністрацыяй рынку «Ракаўскі кірмаш», дзе прадпрымальнік арандаваў шапік. Адразу ж пасля Новага года яго пазбавілі гандлёвага месца, бо ў яго была запазычанасць па аплаце арэнды. Да гэтай запазычанасці дадаліся яшчэ і штрафы за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях, якія Макаеў не сплаціў.

Гэта ўжо не першая спроба канфіскаваць тавар Алеся Макаева: судовыя выканаўцы прыходзілі да прадпрымальніка і грамадскага актывіста яшчэ 15 красавіка.

— …Па-другое, у гэты ж дзень наш рух прыняў заяву “Аб узмацненні палітычных рэпрэсій у Беларусі”, у якой мы канстатуем, што, атрымаўшы фінансавую падтрымку ад Масквы, беларускія ўлады ўзмацнілі палітычныя рэпрэсіі, – працягвае Вячаслаў Сіўчык.

– Аднак многія мяркуюць, што зараз наадварот ідзе так званая лібералізацыя…

– Мяркуйце самі. Рэзка вырасла колькасць аштрафаваных актывістаў апазіцыі за ўдзел у негвалтоўных мірных вулічных акцыях. Напрыклад, па звестках праваабарончага цэнтра “Вясна”, за сакавік адбылося 47 судоў, а ў красавіку такіх прсудаў, можа быць, будзе больш за сто.

Адбыліся затрыманні фанатаў футбольных клубаў, якія з’яўляюцца антыфашыстамі і не падзяляюць прарасійскую палітыку.

У краіне можа з’явіцца новы палітвязень Аляксандр Лапіцкі, якога за абразу прадстаўнікоў улады збіраюцца накіраваць на прымусовае псіхіятрычнае лекаванне.

Ёсць небяспечныя сігналы, што можа быць арганізавана правакацыя супраць вядомага грамадскага актывіста і былога палітвязня Мікалая Аўтуховіча…

Якая ж тут лібералізацыя? Улады дэманструюць нежаданне ісці на агульнацыянальны дыялог і на кампрамісы з апазіцыяй. Рэпрэсіі наадварот у апошні час узмацняюцца, і мы просім, каб беларускае грамадства, СМІ і міжнародная супольнасць таксама праявілі салідарнасць з тымі, хто  трапляе пад палітычныя рэпрэсіі.

– Ці былі ў вас нейкія перасцярогі перад затрыманнем?

– Усё адбылося даволі нечакана, бо затрымалі ноччу. Відаць, міліцыянты атрымалі загад у любым выпадку мяне затрымаць, што яны і зрабілі з прымяненнем сілы і абсалютна незаконна. Ужо, калі адбываўся суд, усе ўбачылі, які там фарс адбываўся. Усе напісаныя паперы былі зроблены па адной схеме і зроблена гэта было свядома, бо такія працэсы грунтуюцца толькі на сведчаннях тых, хто затрымліваў – супрацоўнікаў міліцыі. Але ж справа атрымала розгалас, і таму нават суд Цэнтральнага райна Мінска быў вымушаны адправіць гэтыя дакументы на перапрацоўку. А ўвогуле, рэальна рабілі ўсё, каб я не трапіў дахаты.

– Як вы правялі час з моманту затрымання і да суда?

– Мяне прывезлі ў РУУС і там закінулі ў камеру, дзе і знаходзіўся да таго часу, пакуль не павезлі ў суд. Ніякіх допытаў, гутарак не было, падпісання рапарта. Ды іх і не магло быць, бо пры затрыманні ў мяне забралі акуляры, а зрок у мяне такі, што без акуляраў нічога не бачу. А ў 14.00 вывезлі ў суд, але доўгі час мы яшчэ блукалі на машыне па горадзе. У судзе сабралася шмат маіх сяброў, мабыць, сілавікі думалі, што яны разыйдуцца.

– Якую мэту, на ваш погляд, пераследвалі сілавікі, калі вырашылі вас “папрэсаваць”?

– У іх быў загад, які яны выконвалі. Я думаю, што гэта проста запалохванне беларускага грамадства. Звычайная з’ява ў нашай краіне. Гэтым тлумачыцца і жорсткае абыходжанне са мной сілавікоў.

Увогуле, за тыя сем месяцаў, што я правёў у Беларусі пасля вяртання з палітычнай эміграцыі, мяне “прэсуюць” рэгулярна. Назіраю за сабой асабліва пільную “ўвагу”, хаця і не разумею, чаму так адбываецца. Акрамя пратаколаў, якія на мяне складаюцца за ўдзел у вулічных акцыях, і, якія я лічу абсалютна незаконнымі, апошняя гісторыя з затрыманнем – ужо чацвёртая за апошнія сем месяцаў. Двойчы яшчэ спынялі аўтамабілі, на якіх я проста ехаў, і супрацоўнікі ДАІ іх цалкам абшуквалі ды штрафавалі кіроўцаў. Акрамя таго, затрымлівала яшчэ і міліцыя – быццам бы выпадкова.

Думаю, што ўсё гэта робіцца абсалютна свядома. Улада проста выкарыстоўвае міліцыю для таго, каб праводзіць палітычныя рэпрэсіі, афармляючы іх пад іншыя артыкулы. Трэба ж падтрымліваць у грамадстве ўзровень страху.

Я ўжо неяк казаў пасля вяртання з эміграцыі, што ўнутры беларускага грамадства, як мне падаецца, стала больш страху. Ёсць адчуванне безвыходнасці. Людзі не вераць у лепшае заўтра, не вераць, што іх жыццё палепшыць нехта іншы. І нічога не зменіцца, пакуль у краіне будзе гаспадарыць права сілы, а не сіла права.

palitviazni.info  

Іншыя палітычныя вязьні

  • Андрэй Дзьмітрыеў
  • Арцём Брэўс
  • Алег Гнедчык
  • Аляксандар Васільеў
  • Артур Фінькевіч