Вячаслаў Сіўчык: Вялікія штрафы – таксама дастаткова жорсткае пакаранне

1_siv14 студзеня ў судзе Цэнтральнага раёну палітыка Вячаслава Сіўчыка, які не так даўно вярнуўся ў Беларусь з палітычнай эміграцыі, завочна аштрафавалі на 6 мільёнаў 300 тысяч рублёў.

“У якой краіне можа быць такое, што быццам бы адбываюцца выбары, а людзям забаронена абмяркоўваць гэтае пытанне? – пракаментаваў сайту palitviazni.info судовае рашэнне палітык. – Ні ў якае заканадаўства гэта не ўкладаецца. Больш за тое – ёсць яшчэ і юрыдычныя магчымасці, каб даказаць, што права тут і блізка не стаяла. Таму 16 студзеня будзе пададзена скарга па сутнасці і на гэтае рашэнне, і на рашэнне Мінскага гарадскога суда”.

Суд прызнаў Вячаслава Сіўчыка вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваных пікетах, якія прайшлі ў Мінску 10 і 11 кастрычніка мінулага году.

Сам Вячаслаў Сіўчык у суд не прыйшоў, яго судзілі завочна. Абаронца Сіўчыка даводзіў, што акцыя 10 кастрычніка праводзілася ў межах перадвыбарчай кампаніі і таму не патрабавала дазволу на правядзенне. Што да акцыі 11 кастрычніка, паводле адваката, віна палітыка не была даказаная, паведамляе Радыё Свабода.

У выніку суд прызнаў Вячаслава Сіўчыка вінаватым паводле абодвух эпізодаў і аштрафаваў на 30 базавых велічынь.

Акцыя 10 красавіка праходзіла ў Мінску спачатку на плошчы Свабоды, адкуль адбылося шэсце да плошчы Якуба Коласа і сустрэча там выбарцаў. Раней за ўдзел у гэтай акцыі былі пакараныя вялікімі грашовымі штрафамі былыя палітвязні Мікалай Статкевіч, Уладзімер Някляеў ды іншыя актывісты. 11 кастрычніка пасля прэзідэнцкіх выбараў у Мінску прайшла нешматлюдная акцыя пратэсту супраць фальшавання выбараў.

– Я скарыстаўся законным правам не прысутнічаць на судзе, а таму і не пайшоў на працэс, – распавядае Вячаслаў Сіўчык. – Але ж там была наша група руху салідарнасці “Разам”.

– Можа быць, калі б пайшлі, то ўдалося б нешта даказаць суду?

– Не трэба сябе цешыць ілюзіямі. Дарэчы, першы палітычны судовы працэс адбыўся менавіта ў судзе Цэнтральнага раёну сталіцы, калі быў страйк метрапалітэнаўцаў. Гэта быў далёкі жнівень 1995 году. Тады былі незаконна асуджаны тры лідары страйку і пасля гэтага ў тым судзе каго толькі не судзілі. Я баюся называць лічбу, колькі разоў там мяне судзілі. І якіх там толькі анекдотаў не было. Таму мяне заўсёды здзіўляюць людзі, якія думаюць, што ў краіне ў бліжэйшай будучыні нешта моцна зменіцца. Справа ў тым, што сёння мяне не было асабліва за што і судзіць. Але ж ёсць у іх такая традыцыя.

– Вы будзеце абскарджваць рашэнне раённага суда?

– Безумоўна. І не таму, што я не быў на судзе. Проста судовае рашэнне не адпавядае беларускаму заканадаўству.

– Збіраецеся нешта даказаць у вышэйшай інстанцыі?

– Калі ў беларускага народу забралі правы, але заканадаўства пакінулі на паперы, то хаця б гэтым трэба скарыстацца. Я наогул не разумею, за што нас судзілі! У якой краіне можа быць такое, што быццам бы адбываюцца выбары, а людзям забаронена абмяркоўваць гэтае пытанне? Ні ў якае заканадаўства гэта не ўкладаецца. Больш за тое – ёсць яшчэ і юрыдычныя магчымасці, каб даказаць, што права тут і блізка не стаяла. Таму 16 студзеня будзе пададзена скарга па сутнасці і на гэтае рашэнне, і на рашэнне Мінскага гарадскога суда. Гэта вельмі вядомая справа, бо мінская міліцыя пакрыўдзілася за тое, што я быццам бы абражаў Пуціна. Нават ведаючы, якая ў нас судовая сістэма, я буду аспрэчваць незаконныя судовыя выракі. І ўсё што можна зрабіць у межах гэтай сістэмы, я буду рабіць. Асабліва па другой справе.

– Некаторыя ўзрадаваліся, што актывістаў перасталі адпраўляць за краты, хоць штрафы застаюцца…

– Вялікія штрафы – гэта таксама дастаткова жорсткае пакаранне. Вось сёння мне прысудзілі заплаціць 6 мільёнаў 300 тысяч. Гэта малыя грошы? Любы чалавек патраціў бы іх на нешта нармальнае, а не на тое, каб аплочваць штраф ні за што. Да таго ж, я хацеў бы, каб людзі не шукалі, які тут метад пакарання лепшы, а, каб у Беларусь вярнулася права. Сумняваюся, што гэта будзе пры гэтай уладзе, але ж за праўду трэба змагацца заўсёды.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Аляксандар Арастовіч
  • Сяргей Марцалеў
  • Аляксандар Квяткевіч
  • Яўген Сакрэт
  • Натальля Радзіна