Blog

3 Articles

Кастусь Лукашоў

Кастусь Лукашоў

Брат вядомага палітыка Вячаслава Сіўчыка. Нарадзіўся 15 лістапада 1970 года ў Менску. Скончыў геаграфічны факультэт БДУ. Працаваў у Акадэміі навук Рэспублікі Беларусь.

Храналёгія перасьледу

Крымінальная справа ў адносінах да Канстанціна Лукашова была ўзбуджаная па арт. 364 Крымінальнага кодэксу — “гвалт ці пагроза гвалту ў адносінах да супрацоўніка міліцыі”. Ён абвінавачваўся ў наезьдзе на аўтамабілі на супрацоўніка міліцыі 28 сакавіка 2006 году, калі забіраў брата з аддзяленьня хірургіі 3-й клінічнай бальніцы Менску, якога ў дзень выпіскі намагаліся затрымаць невядомыя асобы ў цывільным.

Затрыманы Канстанцін Лукашоў быў не адразу, а толькі 19 сьнежня (сымптаматычна, што арышт супаў зь днём народзінаў маці Кастуся і Вячаслава, спадарыні Галіны).  Яго забралі проста на працы ў Інстытуце геахіміі і геафізыкі Нацыянальнай акадэміі навук і зьмясьцілі ў Менскі СІЗА. Утрыманьне пад вартай было матывавана тым, што Лукашоў нібыта ўхіляўся ад сьледзтва і ў сувязі з гэтым знаходзіўся ў вышуку, хаця ўвесь гэты час навуковы супрацоўнік кожны дзень хадзіў на працу і нікуды не выяжджаў зьБеларусі.

20 лютага 2007 г. суд Ленінскага р-ну г. Менску прызнаў Канстанціна Лукашова вінаватым у інкрымінуемым злачынстве, і судзьдзя Зінаіда Красоўская прысудзіла яму два гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай выкананьня прысуду на два гады. Судзьдзя таксама абавязала яго выплаціць пацярпеламу міліцыянту кампэнсацыю ў памеры 1 мільёну рублёў і аплаціць судовыя выдаткі.

Канстанцін Лукашоў быў вызвалены з-пад варты ў зале суду.

Прысуд быў абскарджаны, і 3 красавіка калегія Менскага гарадзкога суда адмяніла прысуд раённага суду, накіраваўшы справу Канстанціна Лукашова на новы разгляд іншаму судзьдзю. 9 ліпеня намесьнік старшыні суду Ленінскага раёну Тацяна Жулкоўская пры паўтроным разглядзе вынесла аналягічны прысуд: два гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай выкананьня прысуду на два гады.