
Беларускі праваабаронца, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі, які знаходзіцца ў зняволенні, стаў ганаровым грамадзянінам Парыжа.
Рашэнне прынята гарадскім саветам паводле прапановы мэра французскай сталіцы, які ўхваліў ініцыятыву савета мэрыі 11-й акругі Парыжа.
“Алесь Бяляцкі, выбітны беларускі абаронца правоў чалавека, у 2011 годзе быў прыгавораны судом сваёй краіны да чатырох з паловай гадоў калоніі строгага рэжыму паводле вынікаў несправядлівага працэсу”, — гаворыцца ў паведамленні, апублікаваным на сайце парыжскай мэрыі 16 кастрычніка. Бяляцкі “нястомна змагаўся за правы чалавека, нягледзячы на пагрозы і кампанію дэзінфармацыі з боку дзяржавы”.
У прэс-рэлізе нагадваецца, што ў маі гэтага года на будынку мэрыі 11-й акругі быў вывешаны вялікі партрэт Бяляцкага. Акцыю арганізавалі прадстаўнік мэра Парыжа па міжнародных пытаннях, еўрапейскіх справах і франкафоніі П’ер Шапіра, мэр акругі Патрык Блёш і прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Сухайр Белхасен.
belapan.com