Палажанка патрабуе ад Канюка правесці праверку

Нявеста Зміцера Дашкевіча звярнулася да генпракурора Аляксандра Канюка з просьбай «правесці праверку па факце нечалавечага стаўлення да Дашкевіча».

Пра гэта Наста Палажанка паведаміла БелаПАН.

Паводле яе слоў, зварот у Генпракуратуру выкліканы пагрозамі ў адносінах да яе з боку супрацоўнікаў калоніі.

Палажанка распавяла, што 26 верасня разам з адвакатам яна прыехала ў калонію № 20 Мазыра. «Запрасіўшы мяне ў свой кабінет, начальнік калоніі Юрый Збароўскі стаў пераконваць мяне ў тым, што Дашкевіч паводзіць сябе неадэкватна, хоча парэзаць сабе вены, абвясціў галадоўку з-за адсутнасці адваката, усё адмаўляе і шмат чаго выдумляе. Аднак гэта не можа адпавядаць рэчаіснасці, так як у перыяд знаходжання ў ВК № 13 у Глыбокім, а таксама ў СІЗА № 2 Віцебска нічога падобнага з ім не адбывалася. Больш за тое, усяго за тыдзень знаходжання ў ВК № 20 чалавек не можа ў корані змяніць сваё паводзіны і ператварыцца ў чалавека з неўраўнаважанай псіхікай. Лічу, што ўся гэтая размова была спосабам ўвядзення мяне ў зман і спробай аказаць з маёй дапамогай ціск на Дашкевіча», – заявіла Палажанка.

Пры гэтай размове ў кабінеце начальніка знаходзіўся іншы чалавек, сказала яна. «Як я разумею, гэта быў начальнік рэжымнага аддзела, які ўвесь час нешта каментаваў і выказваў занепакоенасць, што ў інтэрнэце можа з’явіцца інфармацыя аб тым, у якіх умовах знаходзіцца Дашкевіч. Калі мы знаходзіліся каля КПП калоніі, куды за адвакатам павінен быў прыйсці кантралёр і правесці яго на сустрэчу да Дашкевіча, да нас выйшаў усё той жа чалавек. Канкрэтна мне ў прысутнасці адваката было сказана: «Калі хоць нейкі бруд пра калонію і стаўленне да Дашкевіча з’явіцца ў інтэрнэце, то ўсё гэта адразу адаб’ецца на ім», – сказала Палажанка.

«Я была здзіўленая такому стаўленню і ціску на мяне. Я адчула пачуццё жаху, таму што мне стаў пагражаць супрацоўнік калоніі здароўем блізкага для мяне чалавека, да таго ж у прысутнасці адваката. Што можа быць далей, нават страшна ўявіць», – сказала Палажанка.

У сувязі з гэтым яна просіць генпракурора «правесці праверку па факце і растлумачыць аб недапушчальнасці выказвання падобнага роду пагроз, выкарыстоўваючы жыццё і здароўе асуджанага».

Палажанка адзначыла, што ў бліжэйшы час Дашкевіч павінен будзе падпісаць скаргу на дзеянні адміністрацыі калоніі, складзеную з дапамогай адваката. «Аднак у сувязі з тым, што скарга ад імя Дашкевіча паступіць у Генеральную пракуратуру не раней, чым праз тыдзень, а яго становішча выклікае заклапочанасць, я прашу правесці праверку па факце нечалавечага стаўлення да Дашкевіча, прыняць меры для ўрэгулявання ўзніклага канфлікту і прыцягнуць вінаватых асоб да адказнасці», – заявіла Палажанка.

Зміцер Дашкевіч і яго паплечнік па «Маладому фронту» Эдуард Лобаў былі затрыманыя напярэдадні апошніх прэзідэнцкіх выбараў, 18 снежня 2010 года, па абвінавачванні ў збіцці двух мужчын. Прадстаўнікі апазіцыі і праваабаронцы расцанілі іх арышт як прэвентыўную меру па «зачыстцы» грамадства перад выбарамі. У сакавіку 2011 года суд прыгаварыў Дашкевіча да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Лідэр «Маладога фронту» адбываў пакаранне ў ВК-13 у горадзе Глыбокае (Віцебская вобласць). 28 жніўня Глыбоцкі раённы суд на закрытым выязным пасяджэнні ў калоніі прызнаў Дашкевіча вінаватым у злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі ВК і прысудзіў яго да года пазбаўлення волі. У тэрмін пакарання ўключаны чатыры месяцы, якія апазіцыянеру заставалася адбыць у калоніі па першай крымінальнай справе.

19 верасня Дашкевіч паступіў у ВК-20 Мазыра, а 21-га – абвясціў галадоўку ў сувязі з «нечалавечымі паводзінамі адміністрацыі калоніі, у тым ліку яе начальніка Юрыя Збароўскага».

Іншыя палітычныя вязьні