Пасля штрафнога ізалятара Сяргей Каваленка змешчаны ў медчасць калоніі

Віцебскі актывіст Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ Сяргей Каваленка, які адбывае пакаранне ў магілёўскай калоніі № 19, пасля 16 сутак штрафнога ізалятара змешчаны ў медчасць калоніі. Пра гэта БелаПАН паведаміла яго жонка Алена Каваленка.

Паводле яе слоў, Сяргея Каваленку змясцілі ў ШІЗА ў канцы ліпеня — адразу ж пасля спаткання са сваякамі. “Спачатку яму далі 9 сутак ізалятара, і ў той час, калі ён там сядзеў, дадалі яшчэ сем сутак. З ШІЗА ён павінен быў выйсці 14 жніўня. Але ўчора мне стала вядома, што ён змешчаны ў медчасць”, — сказала Алена Каваленка.

Яна не ведае, з чым гэта можа быць звязана. “Чамусьці ў медчасці ён знаходзіцца адзін у ізаляваным памяшканні. Дазволілі перадаць для яго шэраг лекаў для печані, нырак, страўніка і падстраўнікавай залозы. Якія менавіта ў яго захворванні, я не ведаю, але, мабыць, яго стан пасля знаходжання ў ШІЗА пагоршыўся”, — сказала жонка асуджанага.

Сяргей Каваленка быў затрыманы 19 снежня 2011 года па абвінавачанні ва ўхіленні ад адбывання пакарання ў выглядзе абмежавання волі (арт. 415 КК). Гаворка ідзе аб пакаранні, якое было вынесена апазіцыянеру ў маі 2010 года за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на галоўнай навагодняй ёлцы Віцебска. У лютым гэтага года Каваленку асудзілі на два гады і адзін месяц пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі агульнага рэжыму. Адразу пасля затрымання ён абвясціў галадоўку пратэсту, якая доўжылася з невялікімі перапынкамі амаль два месяцы.

18 мая Віцебскі абласны суд адмовіўся задаволіць касацыйную скаргу Каваленкі на прыгавор.

Іншыя палітычныя вязьні