
Лідар міжнароднай маладзёжнай арганізацыі «Малады фронт» (Чэхія) Зміцер Дашкевіч стаў першым лаўрэатам Прэміі Свабоды, заснаванай маладзёжнай арганізацыяй Еўрапейскай народнай партыі (YEPP) у 2012 годзе, паведаміла намеснік старшыні арганізацыі Наста Палажанка.
Паводле яе слоў, кіраўніцтва YEPP прыслала ліст, у якім паведаміла, што Зміцер Дашкевіч вядомы як старшыня «Маладога фронту», які з’яўляецца членам YEPP, і як арганізатар і ўдзельнік шматлікіх вулічных акцый. У лісце зазначаецца, што за арганізацыю і ўдзел у акцыях пратэсту Дашкевіч быў прыгавораны да шматлікіх адміністрацыйных арыштаў і да крымінальных пераследаў «дзеля адстойвання ўласных перакананняў».
«Мы з захапленнем назіралі за вашай барацьбой за свабоду ў вашай краіне, і нашы сэрцы з вамі ў гэтыя цяжкія часы. YEPP актыўна займаецца пытаннем свабоды ў Беларусі, мы бярэм удзел у кампаніях па рассылцы паштовак і міжнародных пратэстах. Мы спадзяемся, што, узнагародзіўшы вас нашай першай Прэміяй Свабоды, мы паглыбім наш удзел у вашай справе», — гаворыцца ў паведамленні.
***
Зміцер Дашкевіч разам з актывістам «Маладога фронту» Эдуардам Лобавым быў затрыманы ў Мінску за дзень да прэзідэнцкіх выбараў, 18 снежня 2010 года. Гэтае затрыманне прадстаўнікі апазіцыі і праваабаронцы расцанілі як прэвентыўную меру міліцыі напярэдадні выбараў. Маладыя людзі былі прызнаны вінаватымі ў збіванні двух мінчан. 24 сакавіка 2011 года суд прыгаварыў Дашкевіча да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. У верасні Дашкевічу прапанавалі напісаць прашэнне аб памілаванні, але ён адмовіўся.
Моладзь Еўрапейскай народнай партыі (Youth of the European People’s Party) — маладзёжная арганізацыя Еўрапейскай народнай партыі, якая аб’ядноўвае больш за 51 хрысціянска-дэмакратычную маладзёжную арганізацыю больш чым у 35 краінах Еўропы.
belapan.com