Дзядка прымушаюць раскаяцца

Шостага красавіка палітвязень Мікалай Дзядок быў этапаваны з магілёўскай калоніі № 15 ў шклоўскую калонію № 17. Адміністрацыя папраўчай установы адмовіла родным назваць прычыну пераводу палітвязня ў іншае месца.

Бацька зняволенага анархіста Аляксандр Дзядок мяркуе, што ўлады такім чынам выбіваюць з яго сына прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі.

– Я магу толькі будаваць свае здагадкі ў гэтым плане. Я зыходжу з аналізу падзей, якія адбываліся апошнім часам з Мікалаем, з аналізу падзей, якія адбываюцца ў цэлым у краіне ў дачыненні да палітычных зняволеных і не толькі. Я мяркую, што ім трэба ўсё ж такі, каб ён раскаяўся, аж да таго, каб напісаў заяву аб памілаванні. Таму што, каб выпусціць палітычных зняволеных, павінна быць ад іх заява, як мне здаецца. Ва ўлады, мабыць, іншага шляху цяпер няма.

У траўні мінулага года Мікалай Дзядок быў асуджаны да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Праваабаронцы прызналі Дзядка і ягоных паплечнікаў Ігара Аліневіча і Аляксандра Францкевіча палітычнымі зняволенымі і патрабуюць іх неадкладнага вызвалення.

racyja.com

Іншыя палітычныя вязьні

  • Сяргей Вазьняк
  • Мечыслаў Яськевіч