Зміцер Паліенка: Я таксама абскардзіў рашэнне Мінскага гарадскога суда

Былы палітвязень Зміцер Паліенка пракаментаваў для сайта palitviazni.info той факт, што пракуратура вырашыла абскардзіць прысуд па яго справе.

“Я гляджу на гэтую сітуацыю аптымістычна, таму не думаю, што мяне могуць адправіць за краты”, – кажа актывіст.

Нагадаем, што спачатку Зміцера Паліенку абвінавачвалі па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 339 — распыленне пярцовага газу ў твар мужчыне на лесвічнай пляцоўцы; арт. 341 — нанясенне графіці ў Курапатах і на будынак на вуліцы Ахоцкай; ч. 1 арт. 130 — распальванне варожасці да супрацоўнікаў міліцыі ў размешчаным у інтэрнэце відэароліку; арт. 369 –абраза міністра (былога) МУС Ігара Шуневіча ў відэароліку.

Але нечакана ў дзень пачатку працэса стала вядома, што суд будзе разглядаць абвінавачванне Паліенкі толькі за распыленне пярцовага газу, а абвінавачванні па іншых артыкулах знятыя, бо ад іх адмовілася пракуратура.

Пракурор папрасіў суд прызнаць Змітра вінаватым і прызначыць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на шэсць гадоў, а на падставе закона «Аб амністыі» скараціць тэрмін на адзін год.

У выніку Паліенку прызналі вінаватым у асабліва злосным хуліганстве, яму вынеслі прысуд – 3 гады хатняй хіміі (абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову). Мінус год Змітру “скінулі” па амністыі, але яму прызначылі прымусовае лячэнне ад алкагалізму.

“Днямі мне стала вядома, што пракуратура Мінска абскардзіла рашэнне Мінскага гарадскога суда ў Вярхоўны суд, – кажа Зміцер Паліенка. – У апеляцыйным пратэсце гаворыцца, што прысуд у дачыненні да мяне “з’яўляецца незаконным і павінен быць зменены ў сувязі з несуадноснасцю прызначанага судом пакарання цяжкасці злачынства”. Маўляў, рашэнне вынеслі вельмі мяккае, пракурор ізноў патрабуе 6 гадоў зняволення”.

Практычна ў гэты ж час абскардзіў рашэнне Мінскага гарадскога суда і сам былы палітвязень.

“Я таксама падаў апеляцыю у вышэйшую інстанцыю, бо не лічу прысуд законным, – адзначае Зміцер Паліенка. – Што датычыцца пракурорскай апеляцыі, то гляджу на гэтую сітуацыю досыць аптымістычна.

Юрысты кажуць, што для пракуратуры такое абскарджванне – звычайная фармальная справа, бо напачатку ж пракурор прасіў для мяне 6 гадоў зняволення, а суд вынес куды больш мяккае рашэнне. Мяркую, калі б хацелі мне вынесці жорсткі прысуд, то гэта было б зроблена яшчэ раней.”

palitviazni.info

Фота: spring96.org

Іншыя палітычныя вязьні