“Над Зміцерам Паліенкам суд зрабілі закрытым, бо няма доказнай базы…”

Сёння, 17 кастрычніка, у Мінскім гарадскім судзе пачаўся працэс над актывістам анархісцкага руху і былым палітвязнем Зміцерам Паліенкам.

У знак пратэсту супраць таго, што суд зрабілі закрытым, Зміцер перад пачаткам працэса парэзаў сабе вены.

“Калі суд закрылі ад грамадскасці, значыцца ім ёсць што хаваць”, – распавёў сайту palitviazni.info палітык і былы палітычны зняволены Павел Севярынец.

Пачатак працэса быў запланаваны на 25 верасня, але яго перанеслі на нявызначаны з-за хваробы суддзі. Было аб’яўлена, што суд будзе закрытым.

“Суд над Зміцерам Паліенкам працягвае скрупулёзна задакументаваную гісторыю яго пераследу ўладамі за яго грамадскую дзейнасць. Беларускія ўлады павінны зняць з яго ўсе абвінавачанні, звязаныя з мірным ажыццяўленнем яго права на свабоду выказвання меркаванняў, а таксама адкрыць працэс над ім для грамадскасці і СМІ”, — заявіла Айша Джанг, старшы кiраўнiк кампаній Amnesty International па Беларусі.

Раней Зміцер Паліенка папярэджваў, што ў выпадку закрытасці працэса ён гатовы пайсці на самыя рашучыя меры, і 17 кастрычніка, перад пачаткам суда, актывіст спрабаваў парэзаць сабе ў клетцы вены.

“Адназначна можна казаць, што гэты працэс палітычны, – кажа Павел Севярынец. – Паліенка – адзін з яскравых актывістаў, трэба патрабаваць спыніць несправядлівы суд.

Але казаць, чым закончыцца справа, складана. Зміцер некалькі разоў праводзіў розныя акцыі, не зважаючы на палітычную кан’юктуру, таму могуць зрабіць працэс і паказальным. Але ў звязку з пацяпленнем з Еўропай, каб паказаць ім чарговы спектакль, могуць вынесці больш мяккае пакаранне”.

Па словах Паўла Севярынца, суд зрабілі закрытым, бо тым, хто ініцыянаваў справу, ёсць што хаваць.

“Суд звычайна робяць закрытым, калі ў абвінавачвання няма доказаў, але трэба даць сігнал грамадству не актыўнічаць, – адзначае палітык. – Гэта такая паказальная кара, каб людзі баяліся”.

***

Нагадаем, Зміцер Паліенка быў затрыманы 20 сакавіка па падазрэнні ў здзяйсненні асабліва злоснага хуліганства (арт. 339 КК). Яго абвінавачваюць у тым, што ён распыліў газавы балончык у твар мужчыну, які зрабіў яму заўвагу за курэнне на лесвічнай пляцоўцы.

5 красавіка Паліенку было прад’яўлена абвінавачванне па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 339, арт. 341 і ч. 1 арт. 130. Абвінавачванне па арт. 341 КК Паліенку прад’яўлена за нанясенне графіці на будынак на вуліцы Ахоцкай.

2 ліпеня Следчы камітэт паведаміў, што расследаванне крымінальнай справы Дзмітрыя Паліенкі завершана і яна перададзеная ў пракуратуру для накіравання ў суд. Але пракуратура г. Мінска вярнула ў Заводскі раённы аддзел Следчага камітэта справу Зміцера Паліенкі для правядзення дадатковага папярэдняга расследавання ў адпаведнасці з артыкулам 264 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса.

Вынікам гэтага сталі два новыя крымінальныя артыкулы: 341 за графіці ў Курапатах і 369 за абразу міністра (былога) МУС Ігара Шуневіча.

palitviazni.info

Фота: spring96.org

Іншыя палітычныя вязьні

  • Барыс Гарэцкі
  • Леанід Сьвецік
  • Уладзімер Някляеў