Зміцер Паліенка: Вырабляю паштоўкі, магніты на лядоўню…

Былы палітвязень Зміцер Паліенка распавёў сайту palitviazni.info пра ціск на яго і пра тое, як удаецца сумяшчаць працу рамеснікам з грамадскай дзейнасцю.

“Вырабляю віншавальныя паштоўкі, капэрты, шкатулкі, магніты на лядоўню. Але больш раблю для сябе і сваіх сяброў, а не на продаж”, – кажа суразмоўца.

Нагадаем, што экс-палітвязень Зміцер Паліенка выйшаў на волю 24 кастрычніка мінулага году. Пасля гэтага ён павінен быў амаль штодзень з’яўляцца ў Заводскі РУУС, каб слухаць лекцыі, якія тычыліся працаўладкавання.

Спачатку хлопец наведаўся на лекцыі, а затым адмовіўся гэта рабіць. У выніку на актывіста было складзена некалькі адміністрацыйных пратаколаў па артыкуле 23.4 КаАП (непадпарадкаванне законнаму патрабаванню супрацоўніку міліцыі), яму выпісвалі вялікія штрафы.

“Менавіта дзеля таго, каб мяне не прэсавалі, я і зарэгістраваўся рамеснікам, – кажа Зміцер Паліенка. – Як вядома, калі ты пасля выхаду на волю не працаўладкаваны, то павінен наведваць лекцыі. І вось ужо каля двух месяцаў я – рамеснік. Вырабляю віншавальныя паштоўкі, капэрты, шкатулкі, магніты на лядоўню. Але больш раблю для сябе і сваіх сяброў, а не на продаж. Як кажуць: пад заказ.

Дарэчы, на адным з апошніх судоў мяне пыталіся, чаму 1 сакавіка я не прыйшоў на лекцыю ў міліцыю. Адказаў, што працаваў у гэты дзень. І наогул, я ж зараней паведаміў участковаму, што заняўся рамесніцтвам. Якія пасля гэтага могуць быць пытанні і прэтэнзіі?»

Сацыяльны актывіст працягвае займацца не толькі раменіцтвам, але і грамадскай дзейнасцю, за што рэгулярна трапляе пад прэс уладаў.

“Быў штраф за шапку з быццам бы недазволеным надпісам, – дадае ён. – А вось суды за акцыі з белымі аркушамі паперы каля РУУС і так званы “экстрэмізм” перанеслі, бо справу адправілі на дапрацоўку”.

palitviazni.info

Фота: novychas.by

Іншыя палітычныя вязьні

  • Кацярына Салаўёва
  • Тацяна Елавая