Зміцер Паліенка: Лічу дні да вызвалення

Аляксандр Паліенка, бацька палітзняволенага Зміцера Паліенкі, на гэтым тыдні атрымаў ад сына ліст з калоніі.

“Зміцер ужо лічыць дні да вызвалення, напісаў, што застаецца 90 дзён да таго часу, як ён апынецца на волі”, — распавёў Аляксандр Мікалаевіч сайту palitviazni.info.

“Сын піша, што ў яго ўсё добра: глядзіць тэлевізар, гуляе ў шашкі, чытае кнігі, якія яму перадаюць сябры, – кажа Аляксандр Паліенка. – Наколькі я разумею, да гэтага часу ён не працуе з-за астмы. Чакае, калі дашлю яму бандэроль, якраз зараз яе і збіраю. Звычайна дасылаю цыгарэты, цукеркі, паштоўкі. Ды туды шмат і не забіраеш – дазваляецца ўсяго 2 кілаграмы”.

У верасні Аляксандр Мікалаевіч збіраецца і на доўгатэрміновае спатканне з сынам.

“5-6 верасня адпраўляюся ў калонію, а ўжо напрыканцы кастрычніка Зміцер выходзіць на волю, – адзначае суразмоўца. – Натуральна, ужо зараз ён думае, чым будзе займацца на волі, хоча знайсці пастаянную афіцыйную працу, каб міліцыя не чаплялася, бо пэўны час ён яшчэ будзе знаходзіцца пад наглядам”.

***

Зміцер Паліенка – сацыяльны актывіст з Мінска. Нагодай для крымінальнага пераследу стаў ягоны ўдзел у мірным сходзе “Крытычная маса”, які адбываўся 29 красавіка 2016 г. у Мінску і быў гвалтоўна спынены міліцыяй.

12 кастрычніка 2016 года судом Цэнтральнага раёна г. Мінска прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага артыкулам 364 Крымінальнага кодэкса (гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных справаў) і часткай 2 артыкула 343 КК (выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару). Паводле прысуда, З. Паліенка быў прыгавораны да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання на два гады.

7 красавіка 2017 года судом Заводскага раёна г. Мінска разгледжана прадстаўленне органа, які ажыццяўляе кантроль за паводзінамі асуджанага (хутчэй за ўсё, УУС Заводскага раёна), і адменена адтэрміноўка выканання пакарання. У сувязі з гэтым, без права на абскарджванне, актывіст падлягае накіраванню ў папраўчую калонію для адбыцця пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 1,5 гады (з улікам часу ўтрымання пад вартай да суду ў 2016 годзе).

Зміцеру Паліенку можна дасылаць лісты падтрымкі (лепш – замоўныя) па адрасе: 213800 Магілёўская вобласць, г.Бабруйск, вул.Сікорскага, 1. ПК-2, атрад № 9.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Аляксандар Арастовіч
  • Арцём Пракапенка
  • Яўген Скочка