На якую кампенсацыю могуць разлічваць фігуранты “справы патрыётаў”?

Былы палітвязень Мікалай Дзядок распавёў сайту palitviazni.info пра тое, ці будуць фігурантам справы патрыётаў прыносіць прабачэнні.

“Не трэба цешыць сябе марнымі апытмістычнымі надзеямі”, – кажа суразмоўца.

“Яшчэ калі справа толькі развівалася, і людзі былі пад вартай, я рабіў прагноз, што пазбаўлення волі фігурантам “справы патрыётаў”, хутчэй за ўсё, не дадуць, бо знікне такая неабходнасць, – кажа Мікалай Дзядок. – Іх трэба было проста ізаляваць на перыяд пратэстаў і ў дадатак – нагнаць жаху на грамадства. Праўда, не думаў, што рэжым пойдзе так далёка і нават наўпрост закрые справу – то бок цалкам распішацца ў сваёй нікчымнасці і ў марнасці ўсіх абвінавачанняў, якія публічна гучалі”.

Мікалай Дзядок мяркуе, што ўлады пайшлі на такі крок таму, што яны выдатна разумеюць – ніхто не прымусіць іх плаціць кампенсацыі і рабіць афіцыйныя прабачэнні. Таму можна спакойна закрываць справу без усялякіх наступстваў.

“Тэарэтычна, безумоўна, можна падаць у суд дзяржаўныя СМІ і тых хто вёў справу, – працягвае суразмоўца. – Але, на мой погляд, разлічваць тут няма на што. У свой час я падаў на суд на газету адміністрацыі прэзідэнта за адзін з артыкулаў, звязаны з вясновымі пратэстамі, дзе неаднаразова прыгадвалі мяне. І хаця суддзя прызнаў,  што інфармацыя не з’яўляецца праўдзівай (ён вымушаны быў гэта прызнаць, бо былі дакументы), ніякай кампенсацыі мне не прызначылі. У справе Белага Легіёну гэтага не будзе тым больш, бо людзям прыйдзецца вяртаць вялізарныя грошы за знаходжанне ў няволі па ілжывым абвінавачванні больш за 30 чалавек. Таму не трэба цешыць сябе марнымі надзеямі.

“Справа закрыта на рэабілітуючых падставах для тых, каго прыцягвалі да крымінальнай адказнасці і арыштоўвалі, таму гэтыя людзі маюць права патрабаваць пэўную кампенсацыю, – адзначае юрыст Беларускага Хельсінкскага Камітэта Гары Паганяйла. – Парадак у працэсуальна-крымінальным кодэксе ўстаноўлены. Але практыка паказвае, што наўрад ці гэтую кампенсацыю нехта атрымае. Праўда, калі хлопцы пройдуць усе інстанцыі ў Беларусі і не знойдуць тут праўды, то могуць звяртацца у сувязі з незаконным зняволеннем у Камітэт па правах чалавека ААН. Хаця ізноў-такі – ніводнае станоўчае рашэнне гэтага камітэта беларускі ўрад не выканаў. А такіх рашэнняў ужо набралася больш за семдзесят”.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Анатоль Шумчанка
  • Зьміцер Паліенка
  • Аляксандар Казулін