Бацька Зміцера Паліенкі: Гэта – выбар сына, і я яго паважаю

tut11-111 кастрычніка ў судзе Цэнтральнага раёна пачаўся судовы працэс па справе раварыста Зміцера Паліенкі.

“Я нармальна ставіўся і стаўлюся да таго, што сын актыўна займаўся грамадска-палітычным жыццём. Ён жа дарослы чалавек. Калі так вырашыў, значыцца трэба паважаць яго выбар”, – распавёў сайту palitviazni.info бацька моладзевага актывіста.

Нагадаем, што Паліенку затрымалі 29 красавіка падчас акцыі раварыстаў “Крытычная маса”. Каля паўгода актывіст знаходзіўся за кратамі, зараз яго абвінавачваюць за «гвалт ці пагрозу гвалту» ў адносінах да супрацоўніка органаў унутраных спраў, а таксама ў вырабе і распаўсюдзе парнаграфічных матэрыялаў.

На судзе віны сваёй Зміцер не прызнаў і паказанні даваць адмовіўся. Праўда, у апошнім слове актывіст заявіў, што яго пераслед вядзецца з-за палітычнай і грамадскай актыўнасці.

“Прыйдзе час, калі і Беларусь будзе вольнай”, – дадаў ён.

Тым часам, па выніках справы пракурор папрасіў для Зміцера Паліенкі 2 гады з адтэрміноўкай на 2 гады. Таксама, на яго думку, хлопец павінен будзе прайсці прымусовае лячэнне ад алкагалізму.

“Я не ведаю, чаго прычапіліся да сына, але гэтага варта было чакаць, бо ён вёў даволі актыўны вобраз жыцця – удзельнічаў у розных акцыях, – распавёў сайту palitviazni.info бацька Зміцера Аляксандр Паліенка. – Хіба можна трымаць чалавека столькі часу за кратамі толькі за тое, што ён удзельнічаў у нейкай бяскрыўднай акцыі веласіпедыстаў? Міліцыя пайшла на прынцып – вось і з’явілася гэтая справа. А так жа – нармальны хлопец, як і ўсе маладыя людзі ў яго ўзросце. Добры, вясёлы, але прынцыповы. Я нармальна ставіўся і стаўлюся да таго, што сын актыўна займаўся грамадска-палітычным жыццём. Ён жа дарослы чалавек. Калі так вырашыў, значыцца трэба паважаць яго выбар”.

Па словах былога палітвязня Паўла Севярынца, які прысутнічаў на судзе, “справа высмактана з пальца”.

“Мне падчас разгляду справы стала зразумела, што ў першую чаргу трэба судзіць тых супрацоўнікаў міліцыі, якія збівалі мірных раварыстаў замест таго, каб спыніць іх і праводзіць па правілах дарожнага руху, – кажа палітык. – Але аказалася, што каўнер курткі парвалі супрацоўніку ДАІ, і гэта падавалася, як галоўнае крымінальнае дзеянне. Таму, як кажуць, не было б так смешна, каб не было так сумна. Таму ў мяне ад гэтага суда ўражанне з аднаго боку, як ад спектакля. З другога я разумею, што за гэтым стаяць чалавечыя лёсы, а таму застаецца брыдкае адчуванне беззаконня, якое творыцца”.

Тое, што для актывіста пракурор папрасіў 2 гады з адтэрміноўкай на 2 гады Павел Севярынец ацаніў так: “Яны думаюць, што прыстрашылі хлопца і будуць яшчэ 2 гады трымаць яго на “кручку”. Але апошняе рашучае слова Зміцера гаворыць пра тое, што пралічыліся тыя, хто хацеў такім чынам хлопца зламаць ці запалохаць”.

Прысуд Паліенку будзе агучаны 12 кастрычніка а 14 гадзіне.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні