Мікалаю Аўтуховічу дазволілі атрымаць мэдычную бандэроль ад маці

Нарэшце атрымаў мэдычную бандэроль палітвязень Мікалай Аўтуховіч. Гаворка пра лекі, якія маці палітвязьня Лідзія Юльянаўна Аўтуховіч адправіла яшчэ летась у сьнежні, але зь невядомых прычын бандэроль доўга атрымаць не дазвалялі.

Навіну Свабодзе паведаміла грамадзкая актывістка Інэса Яхліель, якая рэгулярна лістуецца з Аўтуховічам:

«Таксама лісты і паштоўкі з навагоднімі віншаваньнямі яму аддалі. Праўда, толькі 3-4 студзеня. А таксама аддалі пустыя паштоўкі да канвэрты, якія маці дасылала, каб мог адказваць людзям. Вельмі перажываў, што ня зможа адказаць. Паводле ягонага апошняга ліста ў мяне ўражаньне, што больш-меньш зь ім добра».

Мікалай Аўтуховіч мусіць выйсьці на волю ў пачатку красавіка. «Лічыць дні да вызваленьня, засталося крыху больш за 60 дзён», — кажа Інэса Яхліель.

Прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч адбывае 5 гадоў і 2 месяцы зьняволеньня за захоўваньне некалькіх патронаў. Трымаюць палітвязьня ў гарадзенскай турме як злоснага парушальніка рэжыму. Праваабаронцы і апазыцыя мяркуюць, што Мікалая Аўтуховіча пакаралі за барацьбу зь мясцовымі карупцыянэрамі.

svaboda.org

Іншыя палітычныя вязьні

  • Рыгор Кійко
  • Павал Севярынец
  • Андрэй Рамашэўскі
  • Ігар Корсак
  • Яўген Сувораў