
Сустаршыню «Маладога фронту» Зьмітра Дашкевіча супрацоўнікі міліцыі затрымалі ў Менску падчас збору подпісаў за перайменаваньне вуліцы Леніна.
Зьміцер распавёў карэспандэнту Свабоды, што яго вязуць у міліцэйскім аўтобусе ў Цэнтральны РУУС. Яго затрымалі ў падземным пераходзе на вуліцы Леніна, калі ён зьбіраў подпісы.
«Мы зьбіраем подпісы ўжо некалькі дзён, але сёньня вось вырашылі затрымаць. Раней мы зьбіралі подпісы пад рознымі пэтыцыямі, і гэта не лічылася супрацьпраўным дзеяньнем. Магчыма, цяпер нешта памянялася», — сказаў Дашкевіч.
3 лістапада, падчас акцыі «Дзяды», «Малады фронт» распачаў збор подпісаў у Савет міністраў і Менгарвыканкам з патрабаваньнем дэкамунізацыі беларускага грамадзтва.
Дэкамунізацыю Беларусі прапануецца пачаць, вярнуўшы цяперашняй вуліцы Леніна ў Менску яе гістарычную назву — вуліца Францішканская.
У звароце актывісты МФ нагадваюць грамадзянам пра адну з самых злачынных акцыяў камуністаў і непасрэдна Леніна — тэрор супраць хрысьціянскай царквы. Яны называюць Леніна адным з самых крывавых дыктатараў у гісторыі чалавецтва.
«Нягледзячы на многія і многія факты злачынстваў заснавальніка чырвонага тэрору Ўладзімера Леніна, ягоная асоба дагэтуль станоўча прапагандуецца ў Беларусі, падаецца як прыклад для моладзі дый усяго грамадзтва. Мы, ніжэй падпісаныя грамадзяне Рэспублікі Беларусь, лічым, што на такім „прыкладзе“ можна выхаваць толькі злачынцаў і вар’ятаў», — гаворыцца ў пэтыцыі.
Маладафронтаўцы плянуюць зьбіраць подпісы ў Менску і іншых гарадах Беларусі да 7-га лістапада, а потым перадаць у Менскі і іншыя гарсаветы і ў Саўмін.
svaboda.org