Палітвязень Аліневіч сустрэўся з бацькам

Ігару Аліневічу, які адбывае пакаранне ў Наваполацкай калоніі № 10, дазволілі кароткатэрміновае спатканне з сям’ёй.

Пра гэта сайту charter97.org паведаміла яго маці Валянціна Аліневіч.

«Мы з мужам былі на кароткатэрміновым спатканні з Ігарам. Такое спатканне паложана пры ўзмоцненым рэжыме ў калоніі 3 разы ў год. Зносіны адбываліся па тэлефоннай трубцы праз шкло. Сын выглядае бадзёра, хоць відаць, што шчокі змарнелі: усё ж знаходжанне на працягу 20 дзён у ШЫЗА пакінула свой адбітак. Я б сказала, што дух яго застаецца нязломленым, а гумар ранейшым», – лічыць маці палітычнага вязня.

Яна адзначыла, што ім атрымалася перадаць Ігару пасылку.

«На дзіва, перадача пасылкі абышлася без усялякіх эксцэсаў. Прынялі ўсе, акрамя сухіх грыбоў, пены для галення і абцужкоў для пазногцяў. Але гэта быццам бы і па інструкцыі не належыць, а вось як стрыгчы пазногці – гэта пытанне. Абышлося нават без «крэмзанне» каўбасы. Праўда, Ігар адмовіўся ад яе, таму што стараецца мяса не есці», – падагульніла Валянціна Аліневіч.

Нагадаем, два месяцы таму ў Расеі выйшла кніга Ігара Аліневіча «Еду ў Магадан», у якой палітвязень распавёў пра свой арышт у Маскве і пра месяцы, праведзеныя ў СІЗА КДБ.

27 траўня 2011 года суддзя Завадскога раёна Менска Жанна Хвойніцкая асудзіла Ігара Аліневіча на 8 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Цяпер ён адбывае пакаранне ў Наваполацкай калоніі № 10, якая «славіцца» сваімі дрэннымі ўмовамі. Яго, а таксама Мікалая Дзядка і Аляксандра Францкевіча абвінавацілі ў арганізацыі шэсця каля будынка Мінабароны, нападзе на казіно «Шангры Ла» і ізалятар на Акрэсціна, а таксама падпале дзвярэй філіяла «Беларусбанка».

Іншыя палітычныя вязьні