Ігар Аліневіч: Мне няма ў чым раскайвацца перад кіраўніком

Палітвязень Аліневіч не збіраецца пісаць прашэнне аб памілаванні.

Пра гэта сказала яго маці Валянціна Аліневіч, каментуючы сайту charter97.org заяву Лукашэнкі аб датэрміновым вызваленні палітвязняў толькі пасля прашэння аб памілаванні на яго імя.

«Мы ўжо даўно не верым гэтым словам і не слухаем іх. Я думаю, што і астатнія палітвязні не вераць у нейкія літасці ад кіраўніка. З Ігарам мы нават не абмяркоўваем гэтую тэму. Ён з самага пачатку не верыў, што іх вызваляць датэрмінова і не збіраўся пісаць прашэнне, аб чым сказаў у сваёй кнізе «Еду ў Магадан». На яго думку, палітвязні не рабілі ніякага злачынства, таму ім няма ў чым раскайвацца у прашэнні», – адзначыла яна.

Нагадаем, учора, адказваючы на пытанні журналістаў, беларускі дыктатар заявіў, што можа вызваліць палітвязняў датэрмінова, але толькі пры ўмове, што яны напішуць прашэнне аб памілаванні.

«Будзе зварот – будзе мой подпіс. Не будзе – ні чэмпіянат свету, ні 70-годдзе перамогі, нічога не дапаможа. Не трэба нас нахіляць», – заявіў Лукашэнка.

Іншыя палітычныя вязьні