Ігар Аліневіч: Калі пішу, тры чалавекі за спіной стаяць

Пасля выхаду кнігі «Еду ў Магадан» у калоніі сталі сачыць за тым, што піша палітвязень.

Пра гэта распавяла маці Ігара Аліневіча. У час сустрэчы з ім у наваполацкай калоніі яна запыталася ў сына аб яго стаўленні да ўзнагароды прэміяй імя Францішка Аляхновіча.

Гэтай прэміяй за лепшы турэмны твор, якую заснавалі «Радыё Свабода» і беларускі ПЭН-цэнтр, у мінулым годзе была адзначана кніга Ігара Аліневіча «Еду ў Магадан». У кнізе актывіст апісаў свой арышт у Маскве і час, праведзены ў турме КДБ у Менску. Са слоў Валянціны Аліневіч, сын «быў рады, але выказваўся, як заўсёды, стрымана. Ён не лічыць сябе пісьменнікам і сказаў, што галоўнае для яго, каб больш людзей даведаліся пра тое, што адбываецца ў «амерыканцы».

«А калі я перадала яму пытанне аб яго літаратурных планах, то пачула ў адказ, што пакуль іх фактычна немагчыма ажыццявіць, бо пасля выхаду гэтай кнігі, як толькі ён садзіцца нешта пісаць, нават ліст, за ягонай спіной стаяць адразу тры чалавекі і ўважліва глядзяць, што ён там піша», – сказала Валянціна Аліневіч.

24 студзеня Валянціна Аліневіч атрымала ад сына чарговы ліст: «Напісаў, што ў яго ўсё нармальна, без асаблівых падрабязнасцяў».

Актывіст анархісцкага руху Ігар Аліневіч асуджаны на 8 гадоў пазбаўлення волі за хуліганскія дзеянні адносна афіцыйных будынкаў у Менску, чаго ў судзе не прызнаў.

Утрымліваюць яго ў Наваполацкай калоніі.

Актывісты анархісцкага руху ў верасні 2010 года былі затрыманыя за ўдзел у акцыях пратэсту, якія суд кваліфікаваў як атакі на афіцыйныя будынкі. Маладых людзей асудзілі на працяглыя тэрміны, абвінаваціўшы ў здзяйсненні шэрагу палітычных акцый, у тым ліку і за напад на амбасаду Расеі ў Менску ў жніўні 2010 года.

Ігар Аліневіч атрымаў найбольшы тэрмін – 8 гадоў, адбывае ў Наваполацкай калоніі.

У пачатку 2013 года на аснове дзённіка, напісанага ў ізалятары КДБ «амерыканка», была выдадзена яго кніга «Еду ў Магадан».

charter97.org

Іншыя палітычныя вязьні