Куды перавялі Ігара Аліневіча бацькам невядома

Палітвязьня Ігара Аліневіча, як мяркуюць ягоныя бацькі, перавезьлі з наваполацкай калёніі ў іншае месца пазбаўленьня волі, але пакуль невядома, куды дакладна.

«Ужо 3 тыдні ад Ігара няма лістоў і званкоў, але мы дакладна ведаем, што калёнію расфармавалі. Мусяць паведаміць, куды яго перавялі. Кожны дзень чакаем зьвестак», — пракамэнтаваў сытуацыю бацька палітвязьня Ўладзімер Аліневіч.

«Вось-вось мусяць нам паведаміць і будзем ведаць, дзе ён. І нам будзе зразумела, прыкладам, куды ехаць на спатканьне. Бо непакоімся, каб захавалася тое, што ўжо заплянаванае, прыкладам, спатканьні гэтыя. Не ўяўляў, як яно будзе. Паводле закону нібыта ўсё мусіць захавацца, але няма такой упэўненасьці, а раптам нешта зьменіцца. Таму вельмі чакаем паведамленьня, дзе ён».

Актывіст анархісцкага руху Ігар Аліневіч асуджаны на 8 гадоў зьняволеньня за хуліганскія дзеяньні адносна афіцыйных будынкаў, але сваю віну ён не прызнаў. Ігар адбываў пакараньне ў наваполацкай калёніі, якая лічылася вельмі дрэннай паводле экалёгіі, бо знаходзілася паміж прадпрыемствамі нафтахімічнай вытворчасьці. Летась на волі выйшла напісаная ў турме кніга Ігара Аліневіча «Еду ў Магадан», якая распавядае пра арышт і час, які аўтар правёў у вязьніцы КДБ. Пасьля зьяўленьня кнігі стаўленьне да Ігара Аліневіча ў калёніі, паводле дасьведчаных крыніц, стала больш жорсткім.

Алег Грузьдзіловіч, svaboda.org

Іншыя палітычныя вязьні

  • Віталь Рымашэўскі
  • Тацяна Елавая
  • Сяргей Марцалеў
  • Кацярына Садоўская
  • Барыс Гарэцкі