Amnesty International: Каля ста тысяч людзей выступілі ў падтрымку Алеся Бяляцкага (фота)

Amnesty International падвяла вынікі Марафону па напісанні лістоў Алесю Бяляцкаму, які прайшоў па ўсім свеце. Агулам па ўсім свеце было прынята 104,731 мераў у падтрымку беларускага праваабаронцы, якога аўтарытэтная міжнародная арганізацыя прызнала вязнем сумлення.

Удзельнікі глабальнай кампаніі выказалі сваю падтрымку зняволенаму кіраўніку ПЦ “Вясна” і віцэ-прэзідэнту Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) рознымі спосабамі, прапанаванымі актывістамі Amnesty International – напісаннем лістоў салідарнасці, падпісаннем петыцый за вызваленне Алеся Бяляцкага на адрас беларускіх уладаў, а таксама творчымі акцыямі, у тым ліку канцэртамі і светлавымі праекцыямі.

У спісе краінаў, дзе падобныя меры былі прынятыя, Amnesty International называе наступныя: Аўстрыя, Бельгія, Бермудскія выспы, Балгарыя, Канада, Кіпр, Чэшская рэспубліка, Фінляндыя, Гана, Ісландыя, Ірландыя, Італія, Японія, Латвія, Люксембург, Малі, Мальта, Малдова, Манголія, Парагвай, Польшча, Партугалія, Пуэрта-Рыка, Румынія, Расія, Славакія, Славенія, Паўднёвая Карэя, Швецыя, Швейцарыя, Тайвань, Таго, Туніс, Украіна, Венесуэла, Вялікабрытанія.

Арганізацыя прыводзіць толькі некаторыя прыклады акцый, зробленых у абарону правоў Алеся Бяляцкага.

У Японіі актывісты зрабілі больш за 1000 ліхтарыкаў у межах Марафона Amnesty International.

У Паўднёвай Карэі для вырабу такiх ліхтарыкаў таксама сабралася шмат людзей.

А ў Люксембургу ліхтарыкі былі воданепранікальныя і выправіліся ў плаванне ўніз па рацэ ў цэнтры горада, распавядаючы пра такіх палітычных вязняў, як Алесь Бяляцкі.

У Малі група актывістаў такім чынам паспрабавала распавесці пра парушэнні правоў чалавека.

Школьнікі з Тога напісалі ліст Алесю Бяляцкаму.

А ў Манрэалі (Канада), перш чым пісаць лісты, жадаючыя мелі магчымасць пабольш пачытаць пра Алеся Бяляцкага.

У Парагваі людзі прынялі ўдзел у велапрабегу ў рамках Марафона, а затым падпісалі петыцыі.

У Славеніі плакаты на гарадскіх вуліцах таксама заахвочвалі мінакоў спыніцца і прыняць меры ў падтрымку Алеся.

У марознай Фінляндыі актывісты выйшлі на акцыю з запаленымі свечкамі і партрэтамі палітвязняў.

Польшча далучылася да Марафона рознымі творчымі акцыямі. Мастак-графіціст намаляваў лісты, што падаюць у паштовую скрыню.

Выява Алеся Бяляцкага на вулічнай карціне ў Варшаве.

“Каляндар суперажывання”, які сімвалізуе турэмную камеру Алеся, перададзены прэзідэнту Браніславу Камароўскаму.

Актывістка з Познані дэманструе сваю салідарнасць з Алесем Бяляцкім праз удзел у спецыяльнай фотаакцыі. У Польшчы 30 894 мераў у падтрымку палітвязня было прынята ўсяго за 24 гадзіны!

Марафон Amnesty International аб’яднаў мноства еўрапейцаў для напісання лістоў і падпісання петыцый за Алеся Бяляцкага. Такія акцыі прайшлі ад Італіі да Вялікабрытаніі.

Адрасантам петыцый і лістоў салідарнасці раздавалі налепкі з выявай праваабаронцы-палітвязня.

У Міжнародным сакратарыяце Amnesty International у Лондане ў Дзень правоў чалавека ўдзел у Марафоне салідарнасці прыняў былы палітвязень Андрэй Саннікаў.

Нагадаем, што штогадовы праваабарончы Марафон па напісанні лістоў Amnesty International пачаўся 7 снежня 2012 года, напярэдадні Дня правоў чалавека, і прайшоў па ўсім свеце пад лозунгам «Пішам за правы! Даможамся пераменаў!». Мэтай марафона было прыцягненне ўвагі міжнароднай грамадскасці да лёсу праваабаронцаў, якія пераследуюцца ўладамі ў розных краінах свету.

spring96.org

Іншыя палітычныя вязьні